Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падво́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падворваць.

падво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падараць.

падво́р’е, ‑я, н.

1. Падворак. Кузня ўжо была замкнёная, вакол на падвор’і валяліся старыя колы, бараны, кавалкі ржавага жалеза. Марціновіч.

2. Заезны двор.

3. Уст. Дом, які належыць загараднаму манастыру або архірэю. [Дзяўчына:] — Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці, і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Караткевіч.

падво́рлік, ‑а, м.

Драпежная птушка сямейства ястрабіных.

падво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які датычыцца кожнай асобнай гаспадаркі, двара. Падворны перапіс. Падворны абход насельніцтва. Падворная кніга.

падво́рышча, ‑а, н.

Разм. Уся сялянская сядзіба. У дваццатым годзе, вярнуўшыся з вайны, Клім Турок застаў сваё падворышча амаль пустым — белапалякі, адступаючы, спалілі Узлессе. Шахавец. // Месца каля хаты, дома (двор, сад, агарод). Ганька ідзе дадому — на сваё і маміна, ужо зарослае падарожнікам і дробнай пякучай крапівой, падворышча, ідзе ў сваю хату. Васілевіч.

падво́страны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падвастрыць.

падво́стрывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падвострываць.

падво́стрываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падвастрыць.

падво́х, ‑у, м.

Разм. Дзеянне, якое мае сваёй мэтай падвесці або паставіць каго‑н. у няёмкае, непрыемнае становішча. Стары, чакаючы, відаць, нейкага падвоху, дабрадушна ўсміхаецца і маўчыць. Дадзіёмаў. Хлапчук зноў ускінуў свае сінія вочы і, не ўбачыўшы на маім твары падвоху, хітранька ўсміхнуўся і глянуў на старога доктара. Васілевіч.