Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазітыві́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазітывізму, пазітывіста.

пазіты́ў, ‑тыва, м.

Здымак з негатыва, на якім светлыя і цёмныя часткі адпавядаюць іх сапраўднаму размеркаванню ў рэчаіснасці; проціл. негатыў.

[Ад лац. positivus — дадатны.]

пазіты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пазітыўнага.

пазіты́ўны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які заснаваны на фактах, на вопыце.

2. Дадатны; проціл. негатыўны. Побыт вёскі і мястэчка з яго пазітыўнымі і негатыўнымі бакамі, барацьба сялян з перажыткамі феадалізму і царскімі чыноўнікамі.. — вось тэмы коласаўскіх апавяданняў. «Полымя».

пазіты́ўны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазітыва. Пазітыўныя фотаматэрыялы.

пазіхаце́ць, ‑хаціць; зак.

Зіхацець нейкі час.

пазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазіцыі (у 2, 5 знач.). Пазіцыйная гульня. Пазіцыйныя варыянты гукаў. □ [Камлюк:] — Весці пазіцыйныя баі .. амаль на адкрытай мясцовасці — хіба ж гэта па партызанскай тактыцы? М. Ткачоў.

пазі́цыя, ‑і, ж.

1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. В. Вольскі. Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Колас. // перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў.

2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі. Няхай. Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём. Сабаленка. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Мележ. // Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх. Новікаў. // звычайна мн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.

3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі. // У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.

4. перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму. Івашын. Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён. Новікаў. [Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала. Шамякін.

5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя. // У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца. Юргелевіч.

•••

З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.

[Ад лац. positio.]

пазлава́цца, ‑злуйся, ‑злуешся, ‑злуецца; ‑злуёмся, ‑злуяцеся; заг. пазлуйся; зак.

Злавацца некаторы час. Лабановіч яшчэ крыху пазлаваўся, а нарэшце адпусціўся і скаваў: — Калі ісці, дык з музыкаю! Колас.

пазлава́ць, ‑злую, ‑злуеш, ‑злуе; ‑злуём, ‑злуяце; зак.

1. каго. Злаваць каго‑н. некаторы час. Жэнька кіўнуў галавой. — А муж як... добры? — Муж як муж, — Таццяна засмяялася; ёй раптам захацелася пажартаваць, пазлаваць яго. — Добры муж. Лепшы, чым ты... Шамякін.

2. Тое, што і пазлавацца. [Люба:] Родная матка — не мачыха: пазлуе і адпусціцца... Козел.

пазла́зіць, ‑злазіць; ‑злазім, ‑злазіце, ‑злазяць; зак.

1. Злезці адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Паліцыянты пазлазілі з веласіпедаў і, грозна пакрыкваючы на нас, ішлі абочынамі дарогі. Брыль.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць з паверхні чаго‑н. Хутка рана загаілася зусім, пазлазілі струны і са спіны, кабылка пакруглела, нават павесялела. Дамашэвіч.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Знацца з чаго‑н. — пра ўсё, многае. Хусткі пазлазілі з галоў.