паўцаге́лак, ‑лка, м.
Разм. Палавіна цагліны. Калі разбіралі царкву, Бацька, ад пылу шэры, Навазіў паўцагелкаў, А потым з іх склалі печку. Барадулін. Паўцагелкамі закладалі пасля вайны ўжо дзірку ў коміне, прывёзшы іх з ўчастка. Пташнікаў.
паўцаны́, ж. (звычайна з прыназ. «за»).
Палавіна цаны; цана, ніжэйшая за звычайную. [Красачка:] — Учора Дар’я паслала яго з папяроўкамі да буравой. Дык ён пачаў прадаваць яблыкі за паўцаны. Паслядовіч.
паўцвёрды, ‑ая, ‑ае.
Амаль цвёрды, не зусім цвёрды.
паўце́мра, ‑ы, ж.
Амаль поўная адсутнасць святла, асвятлення. У будынку тэатра панавала паўцемра: рэдка-рэдка дзе бясконцыя калідоры асвятляліся свечкамі. Караткевіч.
паўце́нь, ‑ю, м.
Негусты цень; слаба асветленае месца. Шаўковымі хвалямі былі распушчаны валасы па плячах. Ад іх ляглі на твары паўцені. Бядуля. Скалы былі на дзіва рэльефныя, без паўценяў, афарбаваныя ў дзівосныя колеры. Шыцік.
паўцёмны, ‑ая, ‑ае.
Слаба, недастаткова асветлены. У доўгім паўцёмным калідоры на ложках ляжалі хворыя. Шамякін. Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкімі акенцамі. Каля паўсотні сабак розных парод і масцей ляжалі і хадзілі па загарадках. Караткевіч.
паўціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Уцерці ўсё, многае або ўсіх, многіх.
паўціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Уціснуць усё, многае. Матацыклы паўціскалі на дарожцы ў зямлю свежую жаўтаватую сасновую ігліцу, што ад расы і ветру апала за ноч на дол. Пташнікаў. Панакладалі вазы — ладныя, шырокія — і пакуль паўціскалі ды абхарошвалі, і ноч падышла. Скрыган.
паўцы́ркульны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае форму паўакружнасці, з закругленнем. Паўцыркульная арка.
паўця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Уцягнуць усё, многае або ўсіх, многіх.