падво́зчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца падвозам чаго‑н.
падво́іцца, ‑двоіцца; зак.
1. Павялічыцца ўдвая. Вытворчасць прадуктаў падвоілася.
2. перан. Павялічыцца, зрабіцца значна мацнейшым, большым. У Леапольда Гушкі падвоілася стараннасць, цягавітасць, сіла. Чорны.
3. Стаць, зрабіцца двайным. Зычныя падвоіліся.
падво́іць, ‑двою, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што.
1. Павялічыць удвая. Падвоіць вытворчасць мяса. □ За апошнія гады калгаснікі падвоілі, а месцамі нават патроілі ўраджайнасць, а ў лясной гаспадарцы засталося ўсё, як было пры дзядах. Мяжэвіч.
2. перан. Павялічыць, зрабіць значна мацнейшым, большым. Падвоіць увагу. □ Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім. Крапіва.
3. Зрабіць двайным; скласці ўдвая, здвоіць. Падвоіць дратву.
падво́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвойваць — падвоіць.
падво́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падвоіцца.
2. Зал. да падвойваць.
падво́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падвоіць.
падво́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дзвюх аднолькавых, аднародных частак; двайны. Падвойнае дно. Падвойныя дзверы. □ Надзя сядзела ціха, глядзела на падвойныя вокны, на гронкі рабіны, акуратна пакладзеныя на вату паміж рамамі. Бураўкін. // Які паўтораны два разы. Падвойная штампоўка. □ Падаўжэнне зычных перадаецца падвойным напісаннем адпаведнай літары. Юргелевіч.
2. Разм. Тое, што і двайны (у 1 знач.). У такі мокры студзень, як гэта было цяпер,.. [пагрузка шпал] вымагала падвойнага напружання і спрыту. Пестрак. З падвойнай адданасцю, з сілай падвойнай За працу ўзяліся, за плуг шматляменны... Панчанка.
3. Разм. Тое, што і дваісты (у 2 знач.). Вёска пачала жыць падвойным жыццём: дзённым і начным... Шамякін.
падво́канне, ‑я, н.
Месца пад вокнамі знадворку. Вечарам у клубе было прадстаўленне. Усе, хто хацеў паглядзець і не ўмясціліся, па падвоканню стаялі. Лобан.
падво́рак, ‑рка, м.
Разм. Двор каля хаты, дома. Дарожка жоўценькая пралягла Цераз падворак — з вуліцы да ганку. Гілевіч. Падыходзячы ўжо да высокай брамы падворка, хлапец ўчуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.