Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

Разм. Тое, што і насцярожанасць. З пільнай і трывожнай насцярогай дырэктар сочыць за кожным рухам рукі Хадаркевіча. Вітка.

насцяро́жанасць, ‑і, ж.

Стан насцярожанага. [Агапа] была задаволена, што, нарэшце, ён прымірыўся і пачаў працаваць, нават нядрэнна працаваць, але замкнёнасць, насцярожанасць Змітрака мімаволі непакоілі яе. Стаховіч. Калі я перадаў прывітанне, здзіўленне і насцярожанасць мільганулі ў вачах Паходні. Хадкевіч.

насцяро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад насцеражыць, насцярожыць.

2. у знач. прым. Напружана-ўважлівы і трывожны ў чаканні чаго‑н. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды, новенькім асаблівай веры.. не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя. Ваданосаў. Цяпер трэба было не варушыцца, дыхаць асцярожна і ціха, каб не спудзіць злітую з цемрай насцярожаную птушку. Паслядовіч. // Які выяўляе напружанасць, засцяроджанасць. Лена адсунулася да самай сцяны і не спускала з маці насцярожанага позірку. Шамякін. Аляксей акінуў суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сабе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй. Мележ.

насцяро́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да насцеражыцца, насцярожыцца.

насцяро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насцеражыць, насцярожыць.

насцяро́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наспярожлівага. — Адчыняй, Віця, — загадалі маці, і той хутка, але з няўцямнай насцярожлівасцю адчыніў дзверы спачатку ў сенцы, тады ў хату. Марціновіч.

насцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і насцярожаны (у 2 знач.). У паставе, у чуйным нахіле галавы, у насцярожлівым чаканні, што, відаць было, ахапіла яе, угадвалася жанчына, якая ўжо ведала, хто яна ёсць. Карпаў. Раней.. [Максім] заўсёды думаў, што падобны на маці. А цяпер, як у бацькі, выпукліліся надброўі.. І прабіўся ў вачах сухі, насцярожлівы бляск. М. Стральцоў.

насцяро́жыцца,

гл. насцеражыцца.

насцяро́жыць,

гл. насцеражыць.

насчышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Зняць, саскрэбці, счысціць нейкую колькасць таго, што пакрывае паверхню чаго‑н.