пазво́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пазвоньваць.
пазво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Час ад часу звінець, злёгку звінець. Марскія хвалі гойдаюць бакены, на якіх пазвоньваюць невялікія званы. Лынькоў. Лёгкі марозік зашкліў лужы, і пад нагамі пазвоньвалі ільдзінкі. «ЛіМ».
пазвяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Звягаць некаторы час.
пазвя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Звязаць, змацаваць усё, многае. Пазвязваць вяроўкі. □ Хлопцы пазвязвалі шнуркамі лыжы, пачысцілі і змазалі канькі і здалі іх на дзетдомаўскі склад — да наступнай зімы. Нядзведскі.
2. Перавязаць, звязаць чым‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Дыскусія магла б зацягнуцца надоўга, але я маргнуў салдатам, каб яны пазвязвалі рукі гітлераўцам. Сабаленка.
пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.
2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.
3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.
пазгіна́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Сагнуцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Людзі пазгіналіся. □ Няскошаная каля кустоў трава пачарнела, пазгіналася да зямлі. Пташнікаў.
пазгіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Сагнуць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазгінаць галіны. / у перан. ужыв. Гора не пазгінала людзей.
пазгла́джвацца, ‑аецца; зак.
Згладзіцца, стаць роўным, гладкім — пра ўсё, многае. На прыгуменнях яшчэ нават не пазгладжвалася куп’ё. Скрыган.
пазгла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Згладзіць, зрабіць гладкім усё, многае. Пазгладжваць няроўнасці.
пазго́ртвацца, ‑аецца; зак.
Згарнуцца, скруціцца — пра ўсё, многае. Абвялі, пазгортваліся ў маленькія кацёлкі лісты. Капыловіч.