Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да падвесці.

падво́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падвесці (у 2, 3 знач.).

2. Спец. Дэталь у машыне, прыладзе, якая служыць для падвядзення электрычнага току, масла і пад. Падводка гаручага. Падводкі да катлоў.

падво́дка 2, ‑і, ДМ ‑дцы, Р мн. ‑дак; ж.

Тое, што і падгалосак.

падво́днік, ‑а, м.

1. Марак, які служыць у падводных часцях флоту.

2. Спецыяліст па падводных работах.

падво́дны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад вадой, ніжэй паверхні вады. Падводныя скалы. □ Бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей. В. Вольскі. // Які жыве, расце пад вадой. Падводная расліннасць.

2. Які прызначаны для дзеяння пад вадой. Падводнай лодкі перыскоп На ўсходзе з-пад хваляў вынырнуў і знік назад. Аўрамчык. // Які праводзіцца, адбываецца пад вадой. Падводныя работы. Падводныя здымкі. Падводнае плаванне. // Які што‑н. робіць пад вадой. Падводны плывец.

•••

Падводная плынь гл. плынь.

Падводныя камяні гл. камень.

падво́дны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падводы.

падво́дчык, ‑а, м.

Возчык на падводзе. Каля воза стаяў высокі, худы падводчык. Гурскі. Выходзілі з лесу ўзброеныя хлопцы, спынялі абоз, згружалі ўсё, што было на вазах. Павязаўшы падводчыкаў, ускідвалі іх на калёсы. Лынькоў.

падво́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падвоіць.

2. Павялічаны ўдвая; двайны. Падвоеная цана. Падвоены каравул. // перан. Значна павялічаны, узмоцнены. Падвоеная пільнасць. □ Часам.. [Валодзя], чым-небудзь забавіўшыся, забываў, што яму трэба рабіць, а ўспомніўшы, прымаўся за гэта з падвоенай энергіяй. Ракітны.

3. у знач. прым. Які складаецца з двух аднародных прадметаў; здвоены. Падвоеная нітка.

падво́з, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвозіць — падвезці.

падво́зіцца, ‑возіцца; незак.

Зал. да падвозіць.

падво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.

Незак. да падвезці.

падво́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвезці.