надтрэ́снуты, ‑ая, ‑ае.
1. З невялікай трэшчынай. Надтрэснутая талерка. Надтрэснутае люстра.
2. перан. Які дрыжыць, хрыпіць (пра голас, гукі і пад.). Голас Ніканора знізіўся, стаў надтрэснутым і хрыплым. Бядуля.
надубе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.
Разм. Намерзнуцца. [Іван Іванавіч:] — А я на мантажы быў, надубеўся. За работай Мікалая Панчука назіраў. Мыслівец.
надубі́ць, ‑дублю, ‑дубіш, ‑дубіць; зак., што і чаго.
Прыгатаваць дубленнем нейкую колькасць чаго‑н. Надубіць скур.
наду́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надубіць.
наду́льнік, ‑а, м.
Спец.
1. Шырокае сталёвае кольца на канцы дула. Важка несучы выносістыя ствалы з тоўстымі надульнікамі, грымелі самаходкі. Мележ.
2. Чахол, які надзяецца на дула. Зняць надульнікі.
наду́манасць, ‑і, ж.
Уласцівасць надуманага (у 2 знач.). Надуманасць сюжэта. Надуманасць сітуацыі.
наду́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад надумаць.
2. у знач. прым. Нерэальны, пазбаўлены натуральнасці, штучны. Надуманая сувязь з’яў. Надуманы сюжэт. Надуманыя метафары.
наду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Тое, што і надумаць (у 1 знач.). Надвор’е якраз стаяла цудоўнае, і мы з жонкаю надумаліся паехаць на Мінскае мора. Васілёнак. Мацэвіч не вытрымаў і выйшаў з кватэры — надумаўся адведаць суседа, свайго даўняга дружбака. Капыловіч.
2. Разм. Многа, уволю падумаць. Іншы раз [Волька] гэтак надумаецца, патрывожыць душу, што ноччу, не дачакаўшыся дня, ідзе на ўчастак. Кулакоўскі.
наду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і з інф.
1. Задумаць зрабіць што‑н., прыняць якое‑н. рашэнне. Надумаць пайсці да знаёмых. □ [Халуста] зірнуў на вятрак, што стаяў на ўзгорку між Чыжэвічамі і Малінаўкай, і надумаў зайсці туды. Чарнышэвіч. [Зіна:] — Але на курорт сёлета я ўсё роўна паеду! Паеду, і ўсё тут! Як надумала, так і зраблю. Васілёнак.
2. Прыдумаць што‑н. [Галілей:] — Думаю, думаю, а не надумаю нічагутка. Зарэцкі.
наду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да надумацца.