палы́н, ‑у, м.
Пустазелле з моцным пахам і горкім смакам. Дні беглі... Пасекі пачалі зарастаць быллём і палыном. Чарот. Зоры, як праз сон, млелі нада мною, і моцна пах усюды палын. Лупсякоў.
•••
Цытварны палын — лекавая расліна сямейства складанакветных.
палы́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і палыновы. Хто вас, прыветныя госцейкі сінія вузкіх палос, Пам на лугі, на палеткі палынныя кінуў, занёс? Васілёк. Да гаркаватага палыннага настою далучыўся пах сакавітай зелені. Беразняк.
палыно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палыну. Палыновы пах. □ Вецер варушыў палын на схілах замчышча. Лісце паварочвалася то адным, то другім бокам, і ад гэтага палыновыя купінкі хутка мянялі колер. Савіцкі. // Які зарос палыном. Палыновы стэп. // перан. Горкі, як палын. Гэта праўнукі тых, што хадзілі сюды басанож, з палыновай горыччу ў сэрцы. Брыль.
2. Зроблены з палыну. Палыновым венікам.. [Акуліна] змяла з падлогі склычаныя недакуркі. Вітка. // Настоены на палыне. Палыновая настойка.
палыно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
Разм. Гарэлка, настоеная на палыне.
палы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Лыпнуць некалькі разоў; лыпаць некаторы час. Цярэшка палыпаў вачыма, павярнуўся да аднаго, да другога, нібы бачыў іх [мужчын] першы раз. Грахоўскі.
палысе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў лысым; аблыселы. Бацька спаў, і Сяргей убачыў на падушцы яго палыселую, з высокім пакатым ілбом галаву і зарослы густою шчэццю твар. Сіўцоў.
палысе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. палысець.
палысе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць лысым; аблысець. Хто памятае.. [Астаповіча].., расказваюць цяпер, што ён.. адразу нейк пачаў выдавацца як бы раптоўна пастарэлым. Бадай што зусім палысела яго галава і пасівелі вусы. Чорны.
палыха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. палыхаць.
палыха́ць, ‑ае; незак.
1. Гарэць зыркім, яркім полымем. З раніцы да вечара палыхалі горны ў кузні. Хадкевіч. Над горадам палыхалі пажары. Дудо. // Вылучаць жар, веяць гарачынёй. Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Лынькоў. // перан. Аб моцным, бурным праяўленні чаго‑н. Над светам палыхала ўжо вялікая вайна. Навуменка.
2. Свяціцца яркім святлом. Па-ранейшаму палыхаў захад, а далёка ў вёсцы спявалі дзяўчаты і часам парыпваў гармонік. Лупсякоў. Паўнеба на захадзе палыхала вялізным зарывам. Лынькоў.