Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аста́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і рэшткавы.

аста́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які астаўся, іншы. Сцяпан Андрэевіч з брыгадай пайшоў адкопваць заводскія рэчы, а ўсе астатнія людзі ўзяліся за ачыстку галоўнага корпуса. Гурскі. / у знач. наз. аста́тнія, ‑іх. Чакаючы, пакуль падыдуць астатнія, хлопцы сядзелі на бярвеннях і, пыхкаючы цыгаркамі, вялі нетаропкія гутаркі, — адпачывалі. Шахавец. / у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. [Міхайлаў:] — У нашага чалавека .. ёсць здаровае і законнае жаданне — самому пажыць у камунізме. Ігнараваць гэта жаданне нельга. А астатняе прыйдзе само сабою. Карпаў.

2. Такі, за якім не ідзе другое; які знаходзіцца ў самым канцы шэрагу прадметаў, з’яў і пад.; апошні. Падходзь чужы і хатні Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Купала. // Перадсмяротны. Там карнікі паляць нявінных людзей, У гумны сагнаўшы іх разам, у стайні. Там крык разлягаецца немы, астатні, Старых, і жанчын, і маленькіх дзяцей. Зарыцкі.

3. Які застаўся к канцу; апошні. Усе гады, як пайшоў бацька на вайну, .. [маці] баялася і падумаць аб тым, каб спыніць сынаву вучобу. Намагалася з астатняй сілы. Якімовіч. // у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. Тое адзінае або невялікае, што засталося. Бедны астатнім падзеліцца. Астатняе аддала дзіцяці.

•••

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) гл. слова.

аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.

аста́ча, ‑ы, ж.

1. Тое, што асталося пасля аддзялення часткі; рэшткі чаго‑н. Бавар[ац].. выліў у сваю чарку астачу з бутэлькі, не спяшаючыся выпіў і падаўся з альтанкі да запрэжанай фуры. Ракітны. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота. Чорны.

2. Спец. Велічыня, якая атрымліваецца пры адыманні ад дзеліва здабытку дзельніка на цэлую дзель. Дзяленне без астачы. Астача ад дзялення.

•••

Без астачы — цалкам, поўнасцю.

астачарце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які да немагчымасці апрыкраў, надакучыў.

астачарце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Вельмі надакучыць; абрыднуць, апрыкраць. І дзе запыніцца яна [лава людзей]? Астачарцела ёй вайна. Колас. Але астачарцелі ўсе Старых канонаў рытмы. Танк.

а́стма, ‑ы, ж.

Прыступы задышкі ў выніку хваробы сэрца або бронхаў. Бранхіяльная астма. Сардэчная астма.

[Ад грэч. asthma — задышка.]

астма́тык, ‑а, м.

Разм. Хворы на астму.

астматы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да астматык.

астматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да астмы. Астматычны кашаль. Астматычны бранхіт.