Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аса́, ‑ы; мн. восы, восаў; ж.

Перапончатакрылае з джалам насякомае. Залацістымі іголкамі прашывалі паветра навокал яго [ствала дрэва] імклівыя жоўтыя восы. Лынькоў.

•••

Асою лезці ў вочы гл. лезці.

асабі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, якім карыстаецца гэта асоба. Асабістая ўласнасць, бібліятэка, зброя, думка. Асабісты вопыт. // Прызначаны для абслугі якой‑н. асобы. Асабістая ахова. Асабісты прадстаўнік. Асабісты сакратар. // Уласцівы пэўнай асобе. Асабісты недахоп. Асабістыя якасці, перажыванні.

2. Які датычыцца якой‑н. асобы, закранае яе інтарэсы. Асабістая крыўда. Асабістыя правы грамадзян. Асабістая патрэба. // Звязаны з прыватным, сямейным жыццём, з прыватнымі, сямейнымі адносінамі пэўнай асобы. Асабістае шчасце. / у знач. наз. асабі́стае, ‑ага, н. Гарманічнае спалучэнне асабістага з грамадскім. // Які накіраваны на пэўную асобу, закранае яе. Асабістая знявага. Асабісты вораг.

3. Які ажыццяўляецца пэўнай асобай, які зыходзіць ад пэўнай асобы. Асабісты прыклад. Асабістая прысутнасць, ініцыятыва, зацікаўленасць.

асаблі́васць, ‑і, ж.

Характэрная, адметная ўласцівасць, якасць, прыкмета каго‑, чаго‑н. Псіхічныя асаблівасці чалавека. Асаблівасці правапісу.

асаблі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Не падобны да іншых; не такі, як усе, адметны. [Лялькевічу] хацелася сказаць.. [Сашы] нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя і сардэчныя словы. Шамякін.

2. Больш значны, чым звычайна. Максім з нейкай асаблівай акуратнасцю павесіў на куст складзены і ўсё яшчэ доўгі ру[ч]нік. Брыль.

асабня́к, ‑а, м.

Дом багатага ўласніка, пабудаваны асобна для адной сям’і. Белы двухпавярховы асабняк.. быў аддзелены ад вуліцы нешырокім палісаднікам. Маўр.

асабо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўласцівы пэўнай асобе; які мае дачыненне да пэўнай асобы.

2. Які выражае граматычную катэгорыю асобы. Асабовыя канчаткі дзеяслова. Асабовыя займеннікі.

•••

Асабовая справа гл. справа.

Асабовы рахунак гл. рахунак.

Асабовы склад гл. склад ​2.

асаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і асалавелы.

асаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і асалавець.

асаві́к, ‑а, м.

Абл. Ядомы грыб з чырвонай шапкай; падасінавік. Паміж леташніх лістоў Чырванее асавік, А за ім — кароль грыбоў, Сам магутны баравік. Глебка. Лепей, вядома, было прайсці ў лажок і там карчаваць чырвонагаловыя асавікі. Васілевіч.

аса́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што і аблога (у 2 знач.). Асада крэпасці. Асада горада. Зняць асаду.

2. Гіст. Сядзіба асадніка. Яшчэ калі паны пачалі хапаць каля вёсак зямлю і рабіць сабе асады, сын Альшэўскага — лекар і вядомы забойца — выдаў бацьку карнікам за сувязь з беларускімі партызанамі. Бажко.

аса́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Стан паводле дзеясл. асаджваць ​1 — асадзіць ​1. Яшчэ больш важная навука — Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Колас.

2. Дзяржанне ў прыладах працы, інструменце (малатку, долаце, гэблі і пад.). Асада нажа.

3. Рамка. Партрэт у прыгожай асадзе.

4. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.).