аслабане́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. аслабаняць — аслабаніць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. аслабаняцца — аслабаніцца.
аслабанёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аслабаніць.
аслабані́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць парожнім, нічым не занятым. Кошык аслабаніўся. // Стаць свабодным, нікім не занятым. Кватэра аслабанілася.
2. Вызваліцца ад працы, спраў. Аслабаніцца ад клопатаў.
3. Тое, што і вызваліцца (у 1 знач.).
аслабані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм.
1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.
2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.
3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.
4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.
аслабаня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да аслабаніцца.
2. Зал. да аслабаняць.
аслабаня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да аслабаніць.
аслабе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў фізічна слабым, нядужым. Галя дакранулася аслабелай рукой да шчакі Алесі. Шамякін. // Які страціў ранейшую душэўную сілу. Аслабелы духам. // Які страціў ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Які стаў менш вострым на ўспрыманне, прытупіўся. Аслабелы зрок.
2. Які зменшыўся ў сіле свайго выяўлення.
аслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Зрабіцца фізічна слабым, нядужым. [Алесь:] — Мяне ранілі, я аслабеў, не магу ісці. Адамчык. У .. [Макса Вэла] аслабелі рукі і ногі, ён дрыжаў. Гамолка. // Страціць ранейшую душэўную сілу. Аслабець духам. Воля аслабела. // Страціць ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Стаць менш вострым на ўспрыманне, прытупіцца. Мне нават падумалася, ці не аслабелі ад пажылога ўжо ўзросту яго [Ціхона] заўсёды неспакойныя вочы? Паслядовіч.
2. Зменшыцца ў сіле свайго выяўлення. Парадзела група, у якой быў Каляда, аслабеў агонь супраціўлення. Гурскі. [Пракоп:] — Апошнія паведамленні зараз будуць. Можа што пра марсіянскую касмічную лабараторыю скажуць. Нешта сігналы ў апошні час аслабелі. Шыцік. Шпарка трацячы свядомасць, .. [Кастусь] прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Чорны.
асла́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Стаць слабейшым, паслабіцца. Вузел, нарэшце, аслабіўся пад яе пальцамі, Ігнаціха расшмаргнула завязку і, глянуўшы ў мяшок, прысела ад радасці — у ім было поўна курэй. Капыловіч.
асла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
1. Пазбавіць каго‑, што‑н. яго былой сілы. [Камандзір:] — Справа ясная: раздзяліцца — гэта напалову аслабіць нашы сілы. Брыль.
2. Зменшыць сілу, ступень, напружанасць чаго‑н. Аслабіць дысцыпліну, рэжым, увагу. Аслабіць выхаваўчую работу.
3. Зрабіць не такім нацягнутым, не такім тугім. Аслабіць папругу. □ І зноў ляцець... Дуга хай звоніць, Пакуль конь лейцы не аслабіць. Чарот. Конь падаўся назад.. і аслабіў пастронкі. Чорны. // Зрабіць не такім напружаным. Дзяўчына.. намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Мележ.
•••
Аслабіць гайкі — знізіць патрабаванні.