аслабаніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм.
1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.
2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.
3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.
4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)