асца́, ‑ы, ж.
Абл. Сліна. Шмігельскі ледзь яблыкам не ўдавіўся. Асцы поўны рот набегла, і ён цвыркнуў на ток. Лобан. Ужо спаўдня і ўжо касцу Аж гоніць з голаду асцу. Крапіва.
асце́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асцяпаць.
асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.
2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.
асцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Раіць асцерагацца каго‑, чаго‑н., перасцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, небяспечнага, што здольна зрабіць зло. — Ты толькі, Міхась, не накідвайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь. Колас. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго. Шамякін.
асцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць.
Зак. да асцерагаць.
асцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца.
Зак. да асцерагацца.
асцё, ‑я, н., зб.
Тонкія, доўгія асцюкі на каласах некаторых злакаў (ячменю, жыта, пшаніцы).
асці́на, ‑ы, ж.
Асцё; адзін вусік асця або частачка яго.
асці́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць асцістага. Асцістасць коласа.