Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

астава́цца, астаюся, астаешся, астаецца; астаёмся, астаяцеся.

Незак. да астацца.

асталёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да асталявацца.

астало́п, ‑а, м.

Разм. лаянк. Дурань, ёлупень; бесталковы. Іванок зняважліва трасе галавою. — Я буду пытацца ў гэтага валасатага асталопа! — Пабойся бога, сынок! Што ты гаворыш! Ён жа [бацюшка] служка, божы. Колас.

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

аста́нкі, ‑аў; адз. няма.

Цела нябожчыка; прах. Радзіма — гэта і той курганок зямлі, дзе ляжаць астанкі бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Сачанка.

аста́нне, ‑я, н.

Тое, што і развітанне. Прасілі на астанні перадаць паклон Маскве. Броўка. [Храпавіцкі:] — Э, давайце ўжо на астанні па чарцы.. на дарогу. Мурашка.

аста́так, ‑тку, м.

1. Частка чаго‑н., якая засталася нявыкарыстаная, незатрачаная. [Пятровіч:] — І хоць твайму ён [Зарэчны] сэрцу міл, Збяры ў душы астаткі сіл, Развей апошняе сумненне. Бачыла. Тады мы падыходзілі да кухні са сваім посудам — хто з бляшанкай, а хто з чыгунком .., — і повар раздаваў астатак ежы. Чыгрынаў.

2. звычайна мн. (аста́ткі, ‑аў). Тое, што яшчэ збераглося, уцалела (ад разбурэння, гібелі і пад.). Мы скінем з дарогі астаткі гнілога. Колас. Мільгаюць бярозы — астаткі даўнейшых прысад. Гілевіч. // Сляды чаго‑н. мінулага, зніклага. Адбыўся Зосін расказ пра тыя справы, што назаўсёды .. адагналі ад Галены астаткі ўсялякай няпэўнасці наконт аднаго чалавека. Чорны.

3. толькі мн. (аста́ткі, ‑аў). Адходы якога‑н. вытворчага працэсу. Кіслотныя астаткі.

4. толькі адз. Апошняя частка чаго‑н. Астатак адпачынку. Астатак даўгу. □ Што ж яна [Вера] скажа? Гэтае пытанне не вылазіла ў яго [Мікалая] з галавы ўвесь астатак дня і назаўтра да абеду. Дамашэвіч.

•••

Да (без) астатку — поўнасцю, цалкам.

На астатку — пад канец, напаследак; пры развітанні. Пасланец.. сказаў на астатку: «Сустрэнемся на барыкадах». Пестрак.

аста́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і рэшткавы.

аста́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які астаўся, іншы. Сцяпан Андрэевіч з брыгадай пайшоў адкопваць заводскія рэчы, а ўсе астатнія людзі ўзяліся за ачыстку галоўнага корпуса. Гурскі. / у знач. наз. аста́тнія, ‑іх. Чакаючы, пакуль падыдуць астатнія, хлопцы сядзелі на бярвеннях і, пыхкаючы цыгаркамі, вялі нетаропкія гутаркі, — адпачывалі. Шахавец. / у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. [Міхайлаў:] — У нашага чалавека .. ёсць здаровае і законнае жаданне — самому пажыць у камунізме. Ігнараваць гэта жаданне нельга. А астатняе прыйдзе само сабою. Карпаў.

2. Такі, за якім не ідзе другое; які знаходзіцца ў самым канцы шэрагу прадметаў, з’яў і пад.; апошні. Падходзь чужы і хатні Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Купала. // Перадсмяротны. Там карнікі паляць нявінных людзей, У гумны сагнаўшы іх разам, у стайні. Там крык разлягаецца немы, астатні, Старых, і жанчын, і маленькіх дзяцей. Зарыцкі.

3. Які застаўся к канцу; апошні. Усе гады, як пайшоў бацька на вайну, .. [маці] баялася і падумаць аб тым, каб спыніць сынаву вучобу. Намагалася з астатняй сілы. Якімовіч. // у знач. наз. аста́тняе, ‑яга, н. Тое адзінае або невялікае, што засталося. Бедны астатнім падзеліцца. Астатняе аддала дзіцяці.

•••

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) гл. слова.

аста́цца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.

1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. □ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.

3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.

4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. □ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. □ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.

5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.

6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.

•••

Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.

Астацца з носам — пацярпець няўдачу.

Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.