астацца, астануся, астанешся, астанецца; астанемся, астаняцеся; зак.
1. Пабыць яшчэ нейкі час дзе‑н.; не пакінуць якога‑н. месца. [Доктар:] — У першыя дні вайны пайшла.. [Надзя] з таварышкай да яе бацькоў перачакаць ліхалецце, ды так і асталася тут. Васілевіч. Мяне мінаюць журавы з апошнім развітальным крыкам. Іх пераймі і запытай, Няхай дадуць астацца згоду. Астрэйка. Калі .. [Хурс] набіраў сабе людзей, астацца на заводзе ўдалося і Валодзю Кастрыцкаму. Чорны. // з інф. Затрымацца з якой‑н. мэтай. Алена асталася дажынаць гоні жыта. Чарнышэвіч. Галілей астаўся чакаць старшыню. Зарэцкі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, і.. [Таня] вымушана была астацца начаваць. Шамякін. // Пабыць з кім‑н., у каго‑н. Астацца з дзецьмі. // Не перайсці (у наступны клас). Астацца на другі год.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, уцалець, не знікнуць. [Мужчына:] — Вінтоўкі то можа і знайшліся б, каб добра пашукаць. Можа ў каго ад нямецкага фронту асталіся. Чорны. [Ларыса:] — Павер мне, што ў мяне нічога не асталося ад тых ранейшых пачуццяў. Лобан. Яго [Богута] няма, а ў мірнай хатцы Астаўся чад яго пагроз. Колас. // Аказацца ў наяўнасці (пасля выкарыстання, выдаткавання і пад.). Адно толькі будзённае зрэб’е асталося ў .. [маці]: нават і пасажная ўся адзежына, што ад бацькі прынесла, пайшла ў ход. Чорны. // Аказацца нявыкарыстаным або непераадоленым кім‑н. (пра адлегласць і час). Да горада асталося кіламетраў шэсць. ▪ Дзесяць дзён асталося да канца гаспадарчага квартала. Чорны. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Апошні год астаўся ёй павучыцца. Колас. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., прыйсціся на долю каго‑н. Уся спадчына асталася сыну.
3. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. [Зося:] — А ты [Міхал] такі самы і астаўся, як і змалку быў. Чорны. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Гаруе] паклаў.. [лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны. Сажалка так і асталася нявыкапанай. Колас.
4. Аказацца, апынуцца ў якой‑н. ролі, стане, становішчы і пад. Астацца ўдавой. ▪ [Міхал:] — Пустым той кут не астанецца. Не будзе нас — другі там сядзе. Колас. Пасля сходу [Пніцкі] астаўся адзін. Чорны. Сасноўскі, як вынікала са слоў Дзімінай, астаўся не зусім задаволены самой намесніцай. Карпаў. // без чаго. Аказацца без чаго‑н. Астацца без дроў. Астацца без абеду. ▪ Завойкала Хадося. Што рабіць? Як гэта без агароду астацца? Гроднеў. На бога спадзяешся — без кашулі астанешся. Прыказка. Пераступілі фашысты наш парог ды асталіся хто без рук, а хто без ног. Прыказка.
5. Аказацца ззаду, адстаць. [Зося] злезла з воза і пайшла, разглядаючы ўсё, як бы навіну якую; асталася і ішла адна. Чорны. «Я даганяў каня, але астаўся», значыць, адстаў, не збегся. Лужанін. [Алена:] — Па-твойму, мне адпачываць не трэба.. Каменная я. Цэлы дзень, сагнуўшыся, адна, каб ад людзей не астацца... Ледзь ніву кончыла. Чарнышэвіч.
6. безас. каму і з інф. Трэба толькі, неабходна толькі. Ён ужо зрабіў усё, толькі грошы асталося атрымаць.
•••
Астацца без рук — моцна стаміцца, знемагчыся ад работы рукамі.
Астацца з носам — пацярпець няўдачу.
Астацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні «ў дурня»; б) перан. быць падманутым, ашуканым.