астатні, ‑яя, ‑яе.
1. Які астаўся, іншы. Сцяпан Андрэевіч з брыгадай пайшоў адкопваць заводскія рэчы, а ўсе астатнія людзі ўзяліся за ачыстку галоўнага корпуса. Гурскі. / у знач. наз. астатнія, ‑іх. Чакаючы, пакуль падыдуць астатнія, хлопцы сядзелі на бярвеннях і, пыхкаючы цыгаркамі, вялі нетаропкія гутаркі, — адпачывалі. Шахавец. / у знач. наз. астатняе, ‑яга, н. [Міхайлаў:] — У нашага чалавека .. ёсць здаровае і законнае жаданне — самому пажыць у камунізме. Ігнараваць гэта жаданне нельга. А астатняе прыйдзе само сабою. Карпаў.
2. Такі, за якім не ідзе другое; які знаходзіцца ў самым канцы шэрагу прадметаў, з’яў і пад.; апошні. Падходзь чужы і хатні Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Купала. // Перадсмяротны. Там карнікі паляць нявінных людзей, У гумны сагнаўшы іх разам, у стайні. Там крык разлягаецца немы, астатні, Старых, і жанчын, і маленькіх дзяцей. Зарыцкі.
3. Які застаўся к канцу; апошні. Усе гады, як пайшоў бацька на вайну, .. [маці] баялася і падумаць аб тым, каб спыніць сынаву вучобу. Намагалася з астатняй сілы. Якімовіч. // у знач. наз. астатняе, ‑яга, н. Тое адзінае або невялікае, што засталося. Бедны астатнім падзеліцца. Астатняе аддала дзіцяці.
•••
З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)