аскаба́лак, ‑лка, м.
Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.
аскаблі́ць, аскаблю, аскобліш, аскобліць; зак., што.
Абскрэбці, абдзерці, абчысціць. Аскабліць бервяно.
аска́л, ‑у, м.
Тое, што і выскал. — Заходзьце, заходзьце, — мяккім голасам гаварыў Гарастовіч, але Сафрону здавалася, што той сабачы аскал так і застаўся на яго твары. Чарнышэвіч. [Галіна Адамаўна] ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госці быў увесь час спачувальны ці абуральна-сур’ёзны. Шамякін.
аска́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аскаліць.
аскалёпак, ‑пка, м.
Разм. Тое, што і аскабалак. У расчыненай грубцы ладна гарэлі хвойных аскалёпкі. Быкаў. / у перан. ужыв. [Сітоў] пасмяяўся з маіх страхаў: «Хведар проста некультурны. Аскалёпак старога Зарэчча». Асіпенка.
аска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Тое, што і выскаліць.
аска́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аскаліць.
асканда́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Разм. Трапіць у няёмкае, непрыемнае становішча; зняславіць сябе, набрацца сораму. Спевакі баяцца аскандаліцца перад новым чалавекам, ды яшчэ валасным пісарам, і трымаюць галасы ў граніцах пэўнай дысцыпліны. Колас. [Анісім:] — Тры дні, братцы, я хадзіў за дзікам. А яго няма і няма. «Ну, — думаю, — аскандаліўся». Адно ж сёння ўсё ж асачыў яго. Гурскі.
асканда́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго.
Паставіць каго‑н. у няёмкае, непрыемнае становішча. [Таня:] — Ён [Павалковіч] пачаў лаяцца з .. [гаспадыняй], як вясковая баба, маўляў, не яе справа: «Не лезьце туды, куды вас не просяць! Вы не ведаеце, якія ў нас адносіны». Чулі? — Раз ён пачаў ужо такое, — абуралася Эма, — дык на ўсю Вільню аскандаліць. Машара.
аскарбі́навы, ‑ая, ‑ае.
У выразе: аскарбінавая кіслата гл. кіслата.