паўбутэ́лькі, ж.
Палавіна бутэлькі. Паўбутэлькі вады.
паўбяды́, ж., у знач. вык.
Разм. Не вельмі вялікая бяда, не так дрэнна, не так страшна. [Васіль Іванавіч:] — Бачу я, што бяда ваша не такая яшчэ вялікая. Такая бяда, можна сказаць, паўбяды. Лынькоў. [Каршукоў:] — Думаў адно, а выйшла не так, як хацелася. Ну, ды гэта яшчэ паўбяды. Асіпенка.
паўвае́нны, ‑ая, ‑ае.
Часткова, амаль ваенны. [Сёмка] любіў апранацца акуратна, дбайна і заўсёды, як некалі ягоны бацька, адказны партыйны работнік, насіў паўваенную форму. Кавалёў.
паўвало́ка, ‑і, ДМ ‑лоцы, ж.
Уст. Былая мера зямлі, роўная палавіне валокі. — Я буду працаваць на той паўвалоцы зямлі, якую і буду прасіць вас пакінуць за мною... Чарот. Як бліжэйшыя сваякі, яны арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Чарнышэвіч.
паўва́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Уваліцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
паўве́ка, м.
Палавіна века, пяцьдзесят гадоў. Ленінскай дарогаю паўвека Мы ідзём да мэты да свае. Бялевіч.
паўвекавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да паўвека, звязаны з завяршэннем пяцідзесяці гадоў. Паўвекавы юбілей. // Які працягваецца паўвека, пяцьдзесят гадоў. Паўвекавая барацьба.
паўвіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Увіхацца некаторы час. Паўвіхайся з граблямі вакол кожнага куста, дзе косамі паабівалі мужчыны, — рукі, як пры вывіху, заныюць. Паўлаў.
паўво́страў, ‑рава; мн. паўастравы, ‑оў; м.
Частка сушы, якая з трох бакоў абмываецца вадой. Польскі паўвостраў. Балканскі паўвостраў.
паўво́сь, ‑і, ж.
Спец. Вал, які перадае вярчэнне вядучым колам аўтамабіля або трактара. Задняя паўвось аўтамабіля.