Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паце́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.

Час ад часу злёгку сцепаць, рабіць сутаргавыя рухі (звычайна плячамі). Шура настаўляе каўнер пінжака, зябка пацепвае плячамі. Навуменка. Але прыходзілася ляжаць і толькі пацепваць плячамі, каб трохі сагрэцца. Шахавец.

пацерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., каго-што.

1. Абцерабіць усё, многае. Селівон абцерабіў ліпу да вяршка. Засталося пацерабіць сукі. Баранавых.

2. і без дап. Церабіць некаторы час. Пацерабіць да абеду буракі. □ Сабачаня зірнула яму ў вочы і лізнула руку, калі Кіма пацерабіў яго за вушы. Няхай.

па́церкі, ‑рак; адз. пацерка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

1. Круглыя або іншай формы невялічкія прадметы з бурштыну, шкла і пад. з дзірачкай пасярэдзіне для працягвання ніткі.

2. Упрыгожанне з такіх прадметаў, нанізаных на нітку; каралі. На шыях мужчын, жанчын і дзяцей вісяць пацеркі з ракавінак, з зубоў і кіпцюроў мядзведзя, ваўка, лісы. В. Вольскі.

пацерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак.

1. што і чаго. Натрэсці, растрэсці невялікую колькасць чаго‑н. Пацерушыць сена. Пацерушыць солі на хлеб.

2. Церушыць некаторы час. Было трохі росна ад дажджу, які пацерушыў зранку. Нікановіч. / у безас. ужыв. З вечара сняжком пацерушыла. Добра ісці. Лобан.

паце́рці, патру, патрэш, патрэ; патром, патраце; пр. пацёр, ‑церла; заг. патры; зак., каго-што.

1. Падушыць, памяць. Пацерці ягады.

2. безас. Прыціснуўшы, нанесці пашкоджанні каму‑н., пашкодзіць што‑н. Даўгулевічу крыху пацерла бакі, парвала левае крысо пінжака, а Караткевіч выпусціў борт, адарваўся, яго ледзь не падмяла другая машына. Гурскі.

3. перан. Разм. Прынесці шмат непрыемнасцей; змучыць, змардаваць. Колькі яму [напарніку] можа быць? Пэўна, не больш дзевятнаццаці, а ўжо жыццё пацерла. Грахоўскі.

4. і без дап. Церці некаторы час. Раманенка пацёр далоняй скроню. Шамякін. [Міхал] падняў з-пад ног сякеру, яшчэ чамусьці пацёр ёю аб жывот і раптам, размахнуўшыся, кінуў на жонку. Чорны. Валодзька падхапіўся з пасцелі, пацёр кулакамі вочы. Гамолка. — Няхай яны сабе ваююць, а мы сваё будзем рабіць, — пацёр ад задавальнення рукі Вайтовіч. Пальчэўскі.

паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.

1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.

2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.

4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.

па́церы, ‑аў; адз. няма.

Малітва. Як толькі я навучыўся гаварыць, бацька паставіў мяне на калені перад абразамі і загадаў: «Кажы пацеры». Лужанін. Уся сям’я, стоячы каля стала з куццёю, шэпча пацеры. Якімовіч.

паце́ха, ‑і, ДМ ‑цесе, ж.

1. Забава, забаўка, весялосць. Бубніць тут човен, ходзіць рэха — Такая хлопцу з ім пацеха! Колас. Саўка стаў задуменным, шкада яму было егера, які прызначаўся для пацехі панам. Гурскі. // Якое‑н. смешнае здарэнне. Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю.., быццам хацеў сказаць: «Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!» Маўр.

2. у знач. вык. Смешна, цікава. — Ой, пацеха! — перабіў .. [дзядзьку] са смехам Пятрусь. — Наскочыў, Цімох? Брыль. Гэта ж хто? Ну вось пацеха!.. Ну няўжо спявае рэха? Шушкевіч.

•••

З ласкі на пацеху гл. ласка.

паце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Пакрывацца потам. Шаройка моцна пацеў і раз-поразу выціраў твар вялікай бруднай хусткай. Шамякін. Кастусь параіў .. [Алесю]: — Скінь ватоўку, менш будзеш пацець. Ваданосаў. // перан.; над чым і без дап. Разм. Затрачваць на што‑н. многа працы, намаганняў; працаваць над чым‑н. доўга, упарта. Цэлы дзень пацеў Янка над сваім сплавам. Дамашэвіч. На плошчы, быццам пнёў у лесе, статуй. Пацелі скульптары не годы, а вякі. Прануза.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрывацца вільготным налётам. Сцяна пацее ад вільгаці. □ Пасля дажджу пацела, Дымілася зямля. Калачынскі.

паце́шны, ‑ая, ‑ае.

Смешны, забаўны. Уся .. [хлопчыкава] пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча. Лынькоў. Пацешны народ гэтыя малыя! Не было такога месяца, каб цудоўны сынок чым-небудзь не здзіўляў Васіля Цімафеевіча... Мележ. [Барсучаняты] былі такія мілыя, пацешныя, што хлопцам і ў думку не прыйшло іх забіваць. Маўр.