Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Час ад часу хваліць. — Малайцы, хлопцы! — пахвальвае іх Сцёпка: — вучыцеся гуртам працаваць. Колас.

пахва́льна,

1. Прысл. да пахвальны.

2. безас. у знач. вык. Добра. [Асокін:] — Вельмі пахвальна, што ў вас жывуць такія высакародныя пачуцці, але імі аднымі кіравацца нельга. Паслядовіч.

пахва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае пахвалу, адабрэнне. Пахвальная грамата. □ Пахвальныя словы пачулі мы і пра заатэхніка Антона Каляду. Бялевіч.

2. Які заслугоўвае пахвалы, адабрэння. Пахвальны ўчынак. Пахвальнае імкненне. Пахвальная рыса.

пахвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Хвалявацца некаторы час. [Маеўскі:] — Ты беражы сябе, Лена. Са мною ўжо нічога не здарыцца. А вось за цябе мне яшчэ давядзецца пахвалявацца. Шамякін.

пахвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Хваляваць некаторы час.

пахваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., чым і з дадан. сказам.

Разм. Хваліцца, выхваляцца. — З нашага калодзежа вада заўсёды смачная, — пахваляўся ў сваю чаргу бацька. Сабаленка. Атуленыя садамі і таполямі, дамы стаялі абапал шашы, як бы пахваляліся сваёй прыгажосцю, запрашалі да хатняй цеплыні. Лупсякоў. Заўтра ён, Барашкін, прыйдзе на працу ў гэты цэх, і зноў убачыць сваіх сяброў, і будзе зноў пахваляцца, якая ў яго слаўная дачка. Савіцкі.

пахварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць хворым — пра ўсіх, многіх. Дзеці пахварэлі.

2. Хварэць некаторы час. Пахварэла яна адну зіму, а пад вясну памерла. Гроднеў.

пахваста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пахвастаць.

пахваста́цца, ‑хвашчуся, ‑хвошчашся, ‑хвошчацца; зак.

Хвастацца некаторы час. Пахвастацца венікам у лазні.

пахваста́ць, ‑хвашчу, ‑хвошчаш, ‑хвошча; зак., каго-што.

Разм.

1. Пабіць, паламаць усё, многае. Якуб, браток гэтай самай Тадоры, не адзін кол на спіне пахвастаў бы сыну свайму за такія.. штучкі. Брыль.

2. і без дап. Хвастаць некаторы час. Кароткі месячны адпачынак хацелася пабыць дзе-небудзь на пяшчотным поўдні, каб цябе пахвасталі ласкавыя чарнаморскія хвалі. Сабаленка.