Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патане́лы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Які стаў тонкім, танейшым. Гаспадар амаль да шыі быў захутаны чырвонай, на ваце, коўдрай, паверх якой прасцёрум былі доўгія патанелыя рукі з дзіўна белымі далонямі. Хадкевіч.

патане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Абл. Патанчэць. — Праўда, .. [Туравай] на карысць пайшоў [клопат] — патанела. Жвавая такая зрабілася. Савіцкі. Ірына закруціла тугім вузлом касу, не забыўшыся пажалкаваць, што за апошнія гады каса прыкметна патанела, надзела лёгкую паркалёвую сукенку і прысела на лаўку каля акна. Даніленка.

патанне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патаннець.

пата́ннены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад патанніць.

патанне́ць, ‑ее; зак.

Стаць больш танным, нанізіцца ў цане. Прадукты патаннелі. □ Да новай хаты нам яшчэ вельмі далёка, — пакуль патаннее лес, усюды панскі, — а цяпер, у цеснаце, культуры, як бацька кажа, не завядзеш. Брыль.

патанні́ць, ‑нню, ‑нніш, ‑нніць; зак., што.

Зрабіць таннейшым; панізіць у цане. Патанніць апрацоўку драўніны. Патанніць вытворчасць мяса.

патану́лы, ‑ая, ‑ае.

Які патануў. Патанулыя караблі.

патану́ць, ‑тану, ‑тонеш, ‑тоне.

Зак. да тануць.

•••

Патануць у нірване — паглыбіцца ў стан спакою; заснуць.

патанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што і без дап.

Танцаваць некаторы час; пратанцаваць. [Астапчык:] Што ж вы сядзіце тут? Пайшлі б патанцавалі, і дзяўчатам вашым было б весялей з вамі. Машара. У рэстаране граў духавы аркестр. Алена запрасіла Сашку патанцаваць. Гроднеў. Раніцай .. [Чыжык] зноў расклаў агонь. Патанцаваў каля яго, каб сагрэцца, паснедаў і зноў выйшаў на бераг. Няхай.

патанча́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да патанчыцца.

2. Зал. да патанчаць.