напако́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. напакоўваць — напакаваць.
напако́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да напакоўваць.
напако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напакаваць.
напаку́тавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Перажыць, вынесці многа пакут. Напакутавацца ў няволі. □ [Фогель:] — І як толькі, яны маглі жыць у лесе? Гэткія марозы стаялі сёлета. Напакутаваліся, мабыць... Шчарбатаў.
на́пал, прысл.
Разм. Тое, што і напалам (у 1, 2 і 4 знач.). Наша хата была самай крайняй пры забалочанай лугавіне, якая грэбляй дзяліла вёсачку напал. Вітка. [Стары Салвесь] ніколі не думаў, што гэты водруб давядзецца дзяліць напал. Сабаленка. Направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом. Купала.
напа́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напаліць.
2. Ступень свячэння напаленага цела. Напал ніці лямпачкі. Напал металу. Белы напал.
3. перан. Стан вялікага ўзбуджэння, хвалявання, напружання. Напал страсцей. □ Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых. Бялевіч.
напалаві́ну, прысл.
1. У няпоўным, палавінным памеры, аб’ёме; на адну палавіну. Ад таго, што сцены былі афарб[а]ваны напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней. Колас. І зрабіўся Халімон напалавіну гарадскім, напалавіну вясковым. Галавач. // Адным бокам, адной палавінай. [Мікалай:] — Сонца яшчэ толькі напалавіну выйшла з-за паплавоў. Чорны. // У два разы менш, карацей. Ісці напрасткі напалавіну бліжэй.
2. Не да канца, не зусім; у некаторай ступені. Тамаш быў аглушаны, заняты сваімі думкамі і мала адчуваў, што робіцца вакол. Ён быў толькі напалавіну прытомны. Бядуля. Хіба ж кахаюць напалавіну? Усё ці нічога — такі закон! Чарнушэвіч.
напала́м, прысл.
Разм.
1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.
2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.
3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.
напаласава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад напаласаваць.
напаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., чаго.
Разм. Неакуратна, нядбайна нарэзаць або нарваць палосамі многа чаго‑н. Напаласаваць паперы.
напаласка́цца, ‑лашчуся, ‑лошчашся, ‑лошчацца; зак.
Разм.
1. Уволю, доўга папаласкацца ў вадзе. Напаласкаліся дзеці ў рэчцы.
2. Многа, доўга папаласкаць што‑н., стаміцца ад паласкання. Напаласкацца бялізны за дзень.