на́пал, прысл.
Разм. Тое, што і напалам (у 1, 2 і 4 знач.). Наша хата была самай крайняй пры забалочанай лугавіне, якая грэбляй дзяліла вёсачку напал. Вітка. [Стары Салвесь] ніколі не думаў, што гэты водруб давядзецца дзяліць напал. Сабаленка. Направа абсеяныя шнуры: ярыну ўсю пакрывае свірэпка, жыта напал з гірсой і званцом. Купала.
напа́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напаліць.
2. Ступень свячэння напаленага цела. Напал ніці лямпачкі. Напал металу. Белы напал.
3. перан. Стан вялікага ўзбуджэння, хвалявання, напружання. Напал страсцей. ▪ Такі напал, такая сіла Былі ў пачуццях агнявых. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)