Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

на́йміцтва, ‑а, н.

Стан найміта.

на́ймічка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Наёмная работніка, служанка; парабчанка. З сямі гадоў аддалі .. [Антолю] у наймічкі да дробных паноў-фальваркоўцаў. Якімовіч. Па багатым хутары ў далёкага дзядзькі .. [жанчына] была як за наймічку. Чорны.

найпе́рш, прысл.

Разм. Перш за ўсё, у першую чаргу. Найперш, і найярчэй успамінаецца.. [Арсеню Андрэевічу] адзін малюнак. Марціновіч.

найпе́ршы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Самы першы. Міналі дні суроваю чаргой, І не ставала на забавы часу. А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка.

2. Самы галоўны, самы важны. [Мешчаракоў:] — Земляных работ — процьма. Таму найпершы чалавек на будоўлі — экскаватаршчык. Дадзіёмаў. // Самы лепшы. Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку.. і лічыў сябе найпершым кавалерам. Колас.

найстражэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Самы строгі. Найстражэйшы настаўнік. Найстражэйшая дысцыпліна.

найсці́ 1, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

1. на каго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба. Мурашка. Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна. Сіняўскі. // Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); на што. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара. // без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы. Лынькоў. Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж. Дуброўскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей. Сабаленка. // Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны. Пташнікаў. [Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Колас.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; на каго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. □ Момантнае забыццё найшло на чалавека. Чорны. Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла. Лобан.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам. Найшла бяда.

•••

Найшла каса на камень гл. каса.

найсці́ 2, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.

Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую. Нікановіч.

найто́віць, ‑тоўлю, ‑товіш, ‑товіць; незак., што.

Спец. Змацоўваць найтовам.

найто́ў, ‑това, м.

Спец. Трос, пры дапамозе якога мацуюцца розныя прадметы па судне.

[Гал. naaitouw.]

найто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. найтовіць.

найто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да найтова. Найтоўная снасць.