найсці 1, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.
1. на каго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба. Мурашка. Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна. Сіняўскі. // Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); на што. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара. // без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы. Лынькоў. Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж. Дуброўскі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей. Сабаленка. // Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны. Пташнікаў. [Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла. Колас.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; на каго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. ▪ Момантнае забыццё найшло на чалавека. Чорны. Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла. Лобан.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, з’явіцца раптам. Найшла бяда.
•••
Найшла каса на камень гл. каса.
найсці 2, найду, нойдзеш, нойдзе; пр. найшоў, ‑шла, ‑шло; заг. найдзі; зак.
Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую. Нікановіч.