Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выдатко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выдаткаваць.

выда́тна,

1. прысл. Вельмі добра; цудоўна. Выдатна здаць экзамен. Выдатна валодаць замежнай мовай.

2. у знач. наз. выда́тна, нескл., н. Адзнака, якая абазначае вышэйшую ацэнку чаго‑н. (ведаў, паводзін і інш.). [Пятрусь:] — Цяпер можна мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

выда́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць выдатнага; незвычайнасць.

2. Што‑н. славутае. Архітэктурныя выдатнасці Полацка. Прыродныя і этнаграфічныя выдатнасці.

3. Выдатны ў нейкай справе спецыяліст. Сусветныя выдатнасці навукі.

выда́тнік, ‑а, м.

1. Навучэнец, які мае выдатныя адзнакі па ўсіх прадметах вучэбнага плана.

2. Той, хто выконвае сваю работу, абавязкі на выдатна. Выдатны баявой і палітычнай падрыхтоўкі.

выда́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да выдатнік.

выда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца сярод іншых, славуты; шырока вядомы. Выдатны дзеяч навукі. □ На сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячаў. Колас.

2. Незвычайны, выключны. Выдатны розум. Выдатныя здольнасці. □ Рысы.. твару [Аксёна Каля] строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Колас. // Знамянальны. Выдатныя старонкі летапісу партызанскай барацьбы.

3. Вельмі добры. Выдатная ацэнка. Выдатны матэрыял. Выдатная вучоба. □ [Валодзя:] — Мая брыгада будзе і далей даваць толькі выдатную прадукцыю. Крапіва. Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

вы́дахнуць, ‑не; пр. выдах, ‑ла; зак.

Разм. Здохнуць, падохнуць; перавесціся (аб жывёле). — От, каб цябе ваўкі зарэзалі, каб ты была выдахла, падла натурыстая! — зганяў чалавек у лаянцы злосць. Кулакоўскі.

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

вы́дача, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. выдаць (у 1–4 і 6 знач.).