Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазалаці́цца, ‑лоціцца; зак.

1. Пакрыцца пазалотай, афарбавацца ў залацісты колер.

2. Набыць ад святла залацістае адценне, колер. Пазалаціліся стрэхі хат.

пазалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.

1. Пакрыць пазалотай; афарбаваць у залацісты колер. Пазалаціць фарфоравыя вырабы.

2. Асвятліўшы што‑н., надаць яму залацісты колер. На золаку жнівеньскае сонца пазалаціла шыбы промнямі наступнага гарачага дня. Сабаленка. Водбліскі [агню] ўпалі на дрэвы, пазалацілі сосны і пасерабрылі дубы. Шамякін.

пазале́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Заляпіць, заклеіць чым‑н. усё, многае. Пазалепліваць дзіркі. // Наклейваючы што‑н., укрыць усю паверхню. Пазалепліваць сцены афішамі.

2. Заляпіць, пакрыць сабою ўсё, многае або ўсіх, многіх. Снег пазалепліваў прахожых.

пазале́тась, прысл.

Два гады назад. Жыта і цяпер як сцяна, такога не было ні летась, ні пазалетась. Навуменка. [Сыч] памятаў, колькі атрымана малака летась, пазалетась, нават у першы пасляваенны год. Паслядовіч.

пазале́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які быў пазалетась. Пазалеташняя вясна. // Які мае два гады, захоўваецца два гады. Пазалеташняе цяля. Пазалеташнія запасы.

пазале́чвацца, ‑аюцца; зак.

Разм. Залячыцца, загаіцца — пра ўсё, многае. Раны пазалечваліся.

пазале́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Залячыць, загаіць усё, многае.

пазаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Заліць, затапіць усё, многае. [Гораў:] — Што, шалее ў навальніцу Дняпро? [Іван:] — Рака з характарам.. Усе старыкі на пойме вадой пазалівае, унь той клін адрэжа. Караткевіч.

2. Абліць, запэцкаць якой‑н. вадкасцю ўсё, многае. Пазаліваць абрусы віном.

3. Затушыць вадой усё, многае. [Крывіцкі:] — Я трошкі заліў вадою збольшага, цяпер трэба пазаліваць гэтыя асмалкі. Лобан.

4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець — пра ўсё, многае. Пазаліваць дарогі гудронам.

пазалі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Залізаць усё, многае. Пазалізваць раны. Пазалізваць валасы.

пазаліпа́ць, ‑ае; зак.

1. Заліпнуць, пакрыцца чым‑н. ліпкім — пра ўсё, многае.

2. Разм. Шчыльна прыстаць — пра ўсё, многае. Дзверы пазаліпалі.