паўтарэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паўтараць — паўтарыць і паўтарацца — паўтарыцца.
2. Словы, сказы, музычныя фразы і пад., якія паўтараюцца (у мове, у літаратурным, музычным творы і пад.). У рамане сустракаюцца паўтарэнні.
паўтлу́сты, ‑ая, ‑ае.
Спец. Сярэдняй таўшчыні паміж тлустым і светлым (пра шрыфт).
паўто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Утаіць усё, многае або ўсіх, многіх. [Тодар:] — Старшыня сельсавета гаварыў, што шмат зямлі ды жывёлы ад падатку паўтойвалі. Крапіва.
паўто́н, ‑у, м.
1. Спец. Найменшы інтэрвал паміж двума гукамі, найменшае павышэнне або паніжэнне голасу.
2. Колер, фарба, якія ўтвараюць пераход ад светлага тону да цёмнага. Вуліца ўся ва ўладзе паўтонаў: колеры зліваюцца ў мяккую прывабную шэрань, а гукі як бы трацяць сваю дзённую выразнасць і акрэсленасць. Навуменка. // перан. Адсутнасць рэзкіх пераходаў. Важнай адзнакай узросшага майстэрства А. Кулакоўскага з’яўляецца тое, што ён усё больш смела, ахвотна, упэўнена карыстаецца ў сваіх творах паўтонамі. Гіст. бел. сав. літ.
паўто́птваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паўтоптваць.
паўто́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Утаптаць усё, многае. Паўтоптваць лісце ў зямлю.
паўто́р, ‑у, м.
1. Тое, што і паўтарэнне (у 2 знач.). У творах ранняга пісьменніка [Кузьмы Чорнага] нярэдка можна сустрэць .. сказы абцяжаранай канструкцыі, слоўныя паўторы. Кудраўцаў.
2. Спец. Прыём у мастацкай мове, які заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых гукаў або іх спалучэнняў у адпаведнай паслядоўнасці. Да ліку былінна-песенных трапаў можна аднесці паўторы: «звоняць, звоняць камары ў цёмным лесе», «што ж стары панік ты, галаву спусціў ты». У. Калеснік.
паўто́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паўторнага (у 1 знач.).
паўто́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца другі раз. Рашчэня нямала пастараўся і праявіў вынаходлівасці, каб правесці камісію міма трактара, які заставаўся для паўторнага рамонту. Шамякін. Галавач звярнуўся ў выдавецтва з просьбай, каб яму далі кнігу Хадыкі на паўторную рэдакцыю. Хведаровіч.
2. Прызначаны для паўтарэння чаго‑н. (засвоенага, пройдзенага). Паўторныя практыкаванні.
паўто́ўсты, ‑ая, ‑ае.
Спец. Тое, што і паўтлусты.