паспо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Стаіць усіх, многіх.
паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.
паспо́ўзваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Тое, што і паспаўзаць.
паспрабава́ць, ‑бу́ю, ‑бу́еш, ‑бу́е; зак.
1. што, чаго і з інф. Тое, што і папрабаваць. Паспрабуйце на язык [соль], калі не верыце — прапанаваў шафёр. — Я не хлушу! Кулакоўскі. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Прыходзілася паспрабаваць і жабрацкага і батрацкага хлеба. Колас. [Толік] сеў у кабіну, каб паспрабаваць машыну самому, і завёў матор. Ракітны. Вечарам, прылёгшы на канапцы, Міця паспрабаваў чытаць. Навуменка. [Лях:] — Сёння і шчупак павінен браць. Можна будзе на жыўца паспрабаваць. Лобан.
2. заг. паспрабу́й(це). Разм. Ужываецца як пагроза або перасцярога. — Толькі паспрабуй даць згоду, тады і дадому не прыходзь! — папярэдзіла яна мужа. Паслядовіч. — Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. Лынькоў.
•••
Паспрабаваць шчасця — пачаць якую‑н. справу з надзеяй на поспех.
паспрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Спрэгчы ўсіх, многіх (гл. спрэгчы 1).
паспраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Справіць усё, многае або ўсім, многім.
паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.
2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.
3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.
паспро́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Абл. Прадаць усё, многае або ўсіх, многіх. Плата і штраф былі такія, што людзі паспродвалі хто меў жывёлу і адзежу, пазаставаліся голыя. Чорны.
паспрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каму-чаму.
1. Стварыць спрыяльныя ўмовы для паспяховага здзяйснення чаго‑н. Хоць раней і думкі не было ніколі шукаць яго [дзядзьку], дык цяпер выпадак паспрыяў гэтаму спатканню. Чорны. Халодны асенні дождж і вецер не вельмі паспрыялі адпачынку пасля тыдня напружанай працы. Паслядовіч. Сам факт паездкі на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасць. Дуброўскі.
2. Добразычліва аднесціся да каго‑, чаго‑н., паспагадаць каму‑, чаму‑н.; дапамагчы. [Патапчык:] — Я да цябе па-добраму прыйшоў. Сябравалі мы з табой у маладосці, у суседстве жывём, як людзі. Таму і хачу паспрыяць табе, паставіць цябе на ногі. Чарнышэвіч.
паспуска́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Спусціцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх.