Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазітро́н, ‑а, м.

Спец. Элементарная часцінка з дадатным зарадам.

[Лац. positivus — дадатны і (элек)трон.]

пазітыві́зм, ‑у, м.

Напрамак у ідэалістычнай філасофіі і сацыялогіі, адна з разнавіднасцей агнастыцызму.

[Ад лац. positivus — дадатны.]

пазітыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік, прыхільнік пазітывізму.

пазітыві́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазітывізму, пазітывіста.

пазіты́ў, ‑тыва, м.

Здымак з негатыва, на якім светлыя і цёмныя часткі адпавядаюць іх сапраўднаму размеркаванню ў рэчаіснасці; проціл. негатыў.

[Ад лац. positivus — дадатны.]

пазіты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пазітыўнага.

пазіты́ўны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які заснаваны на фактах, на вопыце.

2. Дадатны; проціл. негатыўны. Побыт вёскі і мястэчка з яго пазітыўнымі і негатыўнымі бакамі, барацьба сялян з перажыткамі феадалізму і царскімі чыноўнікамі.. — вось тэмы коласаўскіх апавяданняў. «Полымя».

пазіты́ўны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазітыва. Пазітыўныя фотаматэрыялы.

пазіхаце́ць, ‑хаціць; зак.

Зіхацець нейкі час.

пазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пазіцыі (у 2, 5 знач.). Пазіцыйная гульня. Пазіцыйныя варыянты гукаў. □ [Камлюк:] — Весці пазіцыйныя баі .. амаль на адкрытай мясцовасці — хіба ж гэта па партызанскай тактыцы? М. Ткачоў.

пазі́цыя, ‑і, ж.

1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. В. Вольскі. Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Колас. // перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў.

2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі. Няхай. Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём. Сабаленка. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Мележ. // Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх. Новікаў. // звычайна мн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.

3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі. // У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.

4. перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму. Івашын. Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён. Новікаў. [Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала. Шамякін.

5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя. // У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца. Юргелевіч.

•••

З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.

[Ад лац. positio.]