Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

начыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак.

1. што. Напоўніць, набіць чым‑н. унутранасць чаго‑н. Сяргей Карпавіч выскраб з люлькі попел, начыніў яе свежым тытунём і закурыў. Мікуліч. // Нафаршыраваць. Начыніць кабачкі.

2. чаго. Прыгатаваць такім спосабам у нейкай колькасці. Начыніць каўбас.

начы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. начыніць (у 1 знач.).

2. Тое, чым начынена што‑н. Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з барбарысавай начынкай. Хомчанка.

начы́нне, ‑я, н., зб.

1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой‑н. работы. Улетку цесляры вандравалі са сваім начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С. Александровіч. Начыння ў кузні было не вельмі многа: два меншыя молаты і адзін вялікі. Сабаленка.

2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага, ваеннага і пад. ўжытку. Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. Асіпенка. Пад нагамі розная вайсковая амуніцыя і начынне: сёдлы для кухань і кулямётаў, лапаты, кіркі і нейкія жалязякі, густа змазаныя аўтолам. С. Александровіч. Усялякія прабіркі, колбы, адным словам — шкляное начынне, патрэбнае для лабараторнай працы, дзяўчаты стаўлялі на паліцы ў кладоўцы. Дубоўка.

начыня́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да начыняць.

начыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да начыніць.

начы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм. Напісаць хутка або нядбайна. — У нас, разумееш, напрыклад, на год план: зрабіць некалькі сот станкоў, — начыркала Галя на цыраце лічбу. Арабей.

на́чыста, прысл.

1. Без памарак, канчаткова. Лепшыя канспекты, як правіла, былі ў Васіна, які адзін рэгулярна перапісваў іх начыста. Карпаў. // Вельмі чыста. Аніводнай непатрэбнай зёлкі не расло пад .. [чайнымі кустамі] — усё было начыста выпала[т]а. Маўр.

2. Цалкам; поўнасцю. Спалілі фашысты ўсё начыста. Людзей каго пазабівалі, а каго ў Нямеччыну пагналі. Сачанка.

начыстату́, прысл.

Разм. Тое, што і начыстую (у 2 знач.). [Сакратар] жвава адсунуў сваё крэсла, падсеў бліжэй да Жывіцы: — Гавары ўсё, начыстату. Ваданосаў.

начысту́ю, прысл.

Разм.

1. Цалкам; начыста. Добра малаціць у такое надвор’е: начыстую выбіваецца збожжа пад жалезным цэпам. Баранавых.

2. Нічога не ўтойваючы; без хітрыкаў; шчыра. Бергнер здзівіўся: — Будзем гаварыць начыстую? Гурскі.

начы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.

Старанна пачысціць сябе, сваю вопратку. Сёння [салдаты] начысціліся, пагаліліся. Алешка.