Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

начвэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм. Нарабіць чаго‑н. дрэннага.

начды́ў, ‑а, м.

Уст. Начальнік, камандзір дывізіі.

начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.

1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.

2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.

начле́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Уст. Начлежны дом. Шмат пакут перажыў Цішка Гартны, начуючы на лаўках сквераў, у цёмных калідорах начлежак. Хведаровіч.

начле́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які часова начуе дзе‑н. На вялікім куфры старой, на сенніку і з падушкай — усё як і трэба — спаў начлежнік. Брыль.

2. Той, хто пасе коней ноччу. Начлежнікі-канапасы, пазакручваўшыся ў кажухі, спалі, прытуліўшыся адзін да аднаго. Чарнышэвіч.

начле́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да начлежнік.

начле́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да начлежніка. Толькі калі пачало ўжо днець, аказалася, што жывёліна хадзіла тут жа, зусім недалёка ад начлежніцкага агню. Кулакоўскі.

начле́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Спыняцца дзе‑н. на начлег, начаваць.

2. Пасці коней ноччу.

начле́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да начлегу, начлежніка. Захмяліла нас дарога Ў вербах прыбярэжных Пахам сена маладога І дымкоў начлежных. Вялюгін. І недзе за сялом далёка Начлежнай песні блудзіць рэха. Танк. // Які прызначаны для начлегу. Начлежны дом.

начмуці́ць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.

Разм. Нагаварыць абы-чаго, увесці ў зман; дурманіць. Начмуціў пан ойча, як чараўнік... Нагнаў столькі туману, што бедны Клеманс ледзь не захлынуўся ў ім. Чарнышэвіч.