пазабало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Забалоціць усё, многае.
пазабаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Забаўляцца некаторы час. [Алаіза:] — Вы тут крышку пасядзіце, пазабаўляйцеся чым, а я на хвіліначку выскачу. Арабей. Праз момант.. [цётка Насця] ужо развязвала мяшэчак з насеннымі гарбузікамі: — Пазабаўляецеся, як будзе час... А цяпер будзем снедаць. Палтаран.
пазабаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.
Забаўляць некаторы час. [Алена:] Пакалышы, пазабаўляй [дзіця] яшчэ хвілінку. Глебка. — Ідзі пазабаўляй вартавога, ты ж павінна ўмець, — сказаў да.. [Клавы] Банадысь. Чорны.
пазабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. Забіцца, разбіцца на смерць — пра ўсіх, многіх. Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.
2. Схавацца куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазабіваліся лісяняты ў норы. □ Ганна хліпала, седзячы каля Якава, і мокрым ручніком абцірала з яго твару кроў. Пазабіваўшыся на печ, плакалі і Андрэй з Лукашом. Лобан.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Засмеціцца, закупорыцца — пра ўсё, многае. Трубы пазабіваліся пяском.
пазабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забіць, знішчыць усіх, многіх. Пазабіваць ваўкоў.
2. Забіць, увагнаць куды‑н. усё, многае.
3. Прыбіўшы або прымацаваўшы што‑н., закрыць наглуха ўсё, многае. Пазабіваўшы крыж-накрыж дошкамі вокны і дзверы ў хаце, я падаўся ў Мінск. Сачанка.
4. Засмеціць, закупорыць усё, многае. Дзьмуў вецер, каляіны і канавы пазамятала, пазабівала і дарогі ў нізкіх месцах, машыны не хадзілі. Гаўрылкін.
пазабінто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Забінтаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазабінтоўваць раненых. Пазабінтоўваць ногі.
пазабіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. Забрацца, залезці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазабірацца пад стрэхі. Дзетвара пазабіралася на дрэвы.
2. Заехаць, зайсці куды‑н. далёка — пра ўсіх, многіх. [Крыскавец:] — Увогуле пазабіраліся дзеці на край свету! Хто і хаваць нас будзе — не ведаю. Хадановіч.
пазабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забраць, узяць з сабой, да сябе ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пачынаўся вечар.. Змрокам ужо выйшаў .. [Тамаш] за гумно на агароды, пазабіраць калкі з разгароджанага плоту. Чорны.
2. Забраць сілай, канфіскаваць усё, многае. — Ад такарнага [цэха] нічога амаль не засталося. Верстакі палякі пазабіралі пры адыходзе, не было тут каму перашкодзіць ім. Галавач. Нічога [гарадавыя] не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Колас. // Арыштаваць або прызваць усіх, многіх. [Марылька:] — А пасля [пільня] зусім была стала, як фронт падышоў. Дый людзей, сказаць, не было. У войска рабочых пазабіралі. Чорны.
пазаблы́твацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Заблытацца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пазаблытваліся ніткі. Пазаблытвацца ў падліках.
пазаблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Заблытаць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазаблытваць дрот. Пазаблытваць справы. □ Народ мой катаў падсцярог І пазаблытваў іх у петлях Лясных прасёлачных дарог. Аўрамчык.