Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўтарапла́н, ‑а, м.

Аэраплан, у якім верхняя плоскасць крылаў значна большая, чым ніжняя.

паўтара́ста, ліч. кольк.

Лік, колькасць, роўная ста пяцідзесяці. [Перагуд:] Ад таго месца, дзе ты застанешся, да нямецкага бліндажа метраў паўтараста. Крапіва.

паўтарато́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Грузавая аўтамашына грузападымальнасцю ў паўтары тоны. [Гарошка:] — Летась паўтаратонку купілі, сёлета дзве жняяркі набылі, конную малатарню прыдбалі... Краўчанка.

паўтарато́нны, ‑ая, ‑ае.

Грузападымальнасцю ў паўтары тоны. Паўтаратонны самазвал. // Вагой у паўтары тоны. Паўтаратонная глыба.

паўтара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да паўтарыцца (у 1 і 2 знач.).

2. Паўтараць тое, што было сказана, зроблена раней. Мне цяпер не хацелася паўтарацца, складаць.. паслужны спіс. Брыль. Іліко не паўтараўся. Ён падбег да хлапца і з разгону ўдарыў яго кулакамі ў бок. Самуйлёнак.

3. Зал. да паўтараць.

паўтара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паўтарыць.

паўтара́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Дошка паўтарачнага намеру.

2. Аб некаторых прадметах паўтарачнага памеру. // Паўтарапакаёвая кватэра.

паўтара́чны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Памерам у паўтары адзінкі якой‑н. меры. Паўтарачны ложак. Паўтарачная коўдра.

паўтары́цца, ‑таруся, ‑торышся, ‑торыцца; зак.

1. Прагучаць, пачуцца зноў, яшчэ раз; узнавіцца. Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў. Колас. Стук паўтарыўся, быў ён рэзкім, настойлівым. Лынькоў. Плач, падобны да енку, нудны і жаласлівы, паўтарыўся. Арабей.

2. Адбыцца, здарыцца зноў, яшчэ раз. Размова паўтарылася. Хвароба паўтарылася. □ І хоць не ўсё паўторыцца на свеце, Я веру ў гэты лес, я веру ў сад. Пысін.

3. Зак. да паўтарацца (у 2 знач.).

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.