Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насур’ёз, прысл.

Разм. Сур’ёзна, не жартам. Дарафей Песенька няўцямліва зірнуў на аднаго са старэйшых калгаснікаў «Перамогі», не ведаючы яшчэ добра — жартуе ён ці гаворыць насур’ёз. Паслядовіч. // Грунтоўна, па-дзелавому. [Галілей:] — Людзі ўсё робяць насур’ёз. Зарэцкі.

насурмі́цца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; ‑мімся, ‑міцеся; зак.

Насурміць сабе бровы, валасы і пад.

насурмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; ‑мім, ‑міце; зак., каго-што.

Пафарбаваць, афарбаваць сурмой. Насурміць бровы.

насу́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насусліць.

насу́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Змачыць слінай; наслініць.

насу́страч і насустрэ́чу, прысл. і прыназ.

1. прысл. У кірунку, процілеглым каму‑, чаму‑н., што рухаецца, набліжаецца. Браты, насустрач ідучы, Ужо хутка рукі пададуць. Броўка. Імклівая, захапляючая ляцела насустрач дарога. Лынькоў. Сінеў далёкі бор, Насустрач падымалася зара. Танк. Калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як.. [Зося] кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку насустрэчу яму. Гартны.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насустрач» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці асобу, да якіх спераду ці наперарэз ім хто‑, што‑н. рухаецца. Алёша развітаўся з хлопцамі і, ускінуўшы клунак на плячо, шпарка пайшоў насустрач Раі. Шамякін. Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам. Чорны.

•••

Ісці насустрач гл. ісці.

на́суха, прысл.

Да поўнай сухасці. [Жанчына] выцерла насуха падлогу і пайшла, папрасіўшы мяне: — Івану Ігнатавічу скажыце, што прыбірала я. Адаркай мяне завуць. Хомчанка. Мыўся.. [Туравец] доўга, з асалодай фыркаючы, потым выцерся насуха краем.. сарочкі. Мележ.

насу́ха, ‑і, ДМ ‑су́се, ж.

Драпежнае млекакормячае сямейства янотавых, з выцягнутым носам у выглядзе хабатка.

насу́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насушыць.

насу́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. насушваць — насушыць.

насу́швацца, ‑аецца; незак.

Зал. да насушваць.