насустрач і насустрэчу, прысл. і прыназ.

1. прысл. У кірунку, процілеглым каму‑, чаму‑н., што рухаецца, набліжаецца. Браты, насустрач ідучы, Ужо хутка рукі пададуць. Броўка. Імклівая, захапляючая ляцела насустрач дарога. Лынькоў. Сінеў далёкі бор, Насустрач падымалася зара. Танк. Калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як.. [Зося] кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку насустрэчу яму. Гартны.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «насустрач» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці асобу, да якіх спераду ці наперарэз ім хто‑, што‑н. рухаецца. Алёша развітаўся з хлопцамі і, ускінуўшы клунак на плячо, шпарка пайшоў насустрач Раі. Шамякін. Партызаны першай групы кінуліся насустрач танкам. Чорны.

•••

Ісці насустрач гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)