пажані́цца, ‑жанюся, ‑жэнішся, ‑жаніцца; зак., з кім і без дап.
1. Уступіць у шлюб (пра мужчыну і жанчыну). Пяць год таму назад сышліся.. [Ірына і Ігнась], пажаніліся. Лынькоў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ажаніцца — пра ўсіх, многіх. Большыя сыны Рамана пажаніліся і пааддзельваліся. Ермаловіч.
пажані́ць, ‑жаню, ‑жэніш, ‑жэніць; зак., каго з кім і без дап.
1. Злучыць шлюбам мужчыну і жанчыну.
2. Ажаніць усіх, многіх. Пажаніць сыноў.
пажа́р, ‑у, м.
Агонь, які ахоплівае і знішчае ўсё, што можа гарэць, а таксама сам працэс гарэння. Лясны пажар. □ — Пажар! — мільганула страшная думка, і Анісся кінулася бегчы па вуліцы, туды.., дзе ў злавесных дымных віхрах прабіваліся першыя языкі бледнага, жаўтаватага полымя. Лынькоў. Пажар яшчэ не.. паспеў разбушавацца. Ён пайшоў ад цяпельца, што распалілі пастушкі, і, разрастаючыся чорнай плямай, нішчыў сухую траву, галлё, маладыя дрэўцы. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу. Колас. // перан. Аб падзеях вялікага грамадскага значэння, якія хутка і бурна развівацца. Пажар вайны. Пажар паўстання. // перан. Аб моцных чалавечых пачуццях. Гарыць душа, гарыць уся, Не патушыць душы пажар. Пушча.
•••
Не на пажар — няма куды спяшацца.
Як на пажар — вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.).
пажарабі́цца, ‑рабяцца; зак.
Ажарабіцца — пра ўсіх, многіх.
пажа́рнік, ‑а, м.
Работнік пажарнай каманды. Вялікі натоўп людзей гудзеў наўкола пажару. У промнях заходзячага сонца паблісквалі каскі пажарнікаў. Мікуліч.
пажа́рніца, ‑ы, ж.
Шматгадовая расліна сямейства злакавых з суквеццем у выглядзе мяцёлкі. Пад полагам вербаў бурна разраслася пажарніца. Гавеман.
пажа́рніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць пажарніку. Пажарніцкая каска. □ Быў.. [Панця] у сіняватай пажарніцкай форме, нават з нейкай сумнай на баку, нібы вайсковай, нібы паштарскай. Кулакоўскі.
пажа́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пажару. Пажарны дым. Пажарная каланча. // Прызначаны для тушэння пажару. Пажарная каманда. Пажарная машына. □ [Варанецкі] выбег на вуліцу і з ходу ўсчапіўся на пажарную бочку, якую коні імчалі міма варот. Дуброўскі. // Абсталяваны ўсім неабходным для тушэння пажару. Пажарны двор. Пажарная часць.
2. у знач. наз. пажа́рны, ‑ага, м. Работнік пажарнай каманды.
•••
Пажарнае дэпо гл. дэпо.
пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.
2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.
пажа́рышча, ‑а, н.
Месца, дзе быў пажар; тое, што засталося пасля пажару. А завіруха гудзела, памятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча. Лынькоў. На дварах наўсцяж яшчэ дымяць пажарышчы, стаяць чорныя, абвугленыя дрэвы, нялюдска вытыркаюцца закопчаныя печы. Навуменка.