Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пажада́нне, ‑я, н.

1. Выказанае словамі жаданне, часцей чаго‑н. добрага, адрасаванае каму‑н. Пажаданне поспеху. □ Для кожнага ў.. [італьянкі] было напагатове слова падзякі ці проста пажаданне ўсяго добрага ў жыцці і працы. Лынькоў.

2. Прапанова, патрабаванне. Выказаць свае пажаданні. □ Адзін за адным .. [наведвальнікі] заходзілі ў кабінет, выкладвалі свае просьбы, меркаванні, пажаданні. М. Ткачоў.

пажада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які патрэбны; які адпавядае інтарэсам, патрабаванням. Пажаданыя вынікі. Пажаданы кірунак падзей. □ Грушэўскі адчуў чамусьці непакой за сход: абмеркаванне даклада, а потым вылучэнне кандыдатур магло пайсці не ў пажаданым парадку. Карпюк.

2. Такі, якога чакаюць; жаданы. [Лабановіча і Тукалу] лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі. Колас. // Прыемны, мілы. Я лаўлю гэтак добра знаёмы і так пажаданы пах. Брыль.

пажада́цца, ‑аецца; зак., безас.

Захацецца чаго‑н. І працоўным нашым людзям, Што ім пажадаецца, Па савецкаму закону Ўсё ў жыцці збываецца. Русак.

пажада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Выказаць або займець якое‑н. жаданне; захацець. [Манг] быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Маўр. [Міхась:] — Чалавек можа дабіцца вельмі многага. Варта яму толькі моцна пажадаць... Краўчанка.

2. чаго, каму і без дап. Выказаць пажаданне. [Стары] урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. На развітанне жанчына ад душы пажадала: — Спакойнай ночы! Гурскі.

пажа́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пажадлівага.

пажа́длівы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да задавальнення палавых пачуццяў. Пажадлівы чалавек. // Які выражае такую схільнасць. Твар у .. [Алы] пабялеў, заплюшчаныя вочы з густа падведзенымі вейкамі былі ў сініх кругах, і толькі поўныя, пажадлівыя вусны аставаліся, як звычайна, яркімі. Карпаў. Чубар праводзіў.. [гаспадыню] пажадлівым позіркам да дзвярэй. Чыгрынаў.

пажа́днасць, ‑і, ж.

Павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў.

пажалаба́ціцца, ‑ціцца; зак.

Зрабіцца жалабаватым. Некалі ў хаце была паслана падлога — проста на зямлю. Цяпер шырокія дошкі пажалабаціліся, абгнілі з краёў, іх патачыў шашаль. Місько.

пажа́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Выказаць сваю жальбу, незадаволенасць; паскардзіцца на што‑н. Горка стане бедачыне, Не прыхіліцца нідзе, Тады толькі жаль астыне, Як пажаліцца дудзе. Колас. Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому: — Нацягалася я за канём!.. Мележ.

пажалкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Абл. Пашкадаваць аб чым‑н. — Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! — пажалкаваў дзед Талаш. Колас.