Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пад’язны́, ‑ая, ‑ое.

Які служыць для пад’езду (у 1 знач.); па якім можна пад’ехаць куды‑н. Пад’язная дарога. Пад’язныя пуці. □ [Язэп] абышоў [элеватар], зайшоў на шырокі двор з пад’язнымі пляцоўкамі. Асіпенка.

пад’язы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад языком. Пад’язычны нерв. Пад’язычная залоза.

пад’ярэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Паднявольны, прымусовы. [Някрасаў] стварыў здзіўляючыя па сваёй праўдзівасці карціны пад’ярэмнай працы, раскрыў яе эксплуататарскую сутнасць. Івашын.

пае́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паесці (у 2, 3 знач.).

пае́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Ездзіць некаторы час, зрабіць некалькі паездак. — Што.. [старшыня] будзе казаць, калі нічога яшчэ не бачыў, па брыгадах не паездзіў, з калгаснікамі не сустракаўся? Савіцкі. Шэрыя доўгія Алесевы вочы смяяліся, увесь твар смяяўся. — Браткі, паездзім яшчэ трохі, — узмаліўся ён. Караткевіч.

пае́здка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Выезд куды‑н. на некаторы час; кароткае падарожжа. Паездка за мяжу. □ Конь стары, слабенькі. Але шаўцу для паездак па вёсках, дзе ён скупляе і аўчыны, лепшага і не трэба. Жычка. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. Шамякін.

паеката́ць, ‑екачу, ‑якочаш, ‑якоча; зак.

Разм. Екатаць некаторы час.

пае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паіць.

пае́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Енчыць некаторы час. [Маці] паенчыла, пастагнала з тыдзень і згарэла, як свечка. Грахоўскі. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.