Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Пацешыць уволю.

нацёк, ‑у, м.

Слой рэчыва, якое нацякло на паверхню чаго‑н., расцяклося па чым‑н. Вапнавы нацёк на сцяне пячоры. □ [Валатовіч] пачаў гаварыць, адкалупваючы ў калідоры ад сцяны зацвярдзелыя нацёкі нейкай едкай карычневай фарбы. Шамякін.

нацёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад нацерці.

націкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм. Нагледзеўшы што‑н., намеціць для набыцця, выкарыстання. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. Колас.

наці́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Сцябло агароднай расліны (агуркоў, гарбузоў, бульбы). Міця ўжо добра бачыць, што сядзіць на ганку, у вузенькім дворыку, абгароджаным штакетнікам, на які ўзняслі націну гарбузы. Навуменка. Напрадвесні ў склепе, пад хатаю, бульба пусціла доўгую белую націну. Грахоўскі.

2. Тое, што і націнка.

наці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Сцябло травы; травінка. Махрыстыя сняжынкі Ляглі на тонкія націнкі. Колас.

наці́нне, ‑я, н., зб.

Разм. Сцёблы агародных раслін; цяўнік. Аўсы і ячмені таксама зваліліся на зямлю, а націнне бульбы завяла, пахілілася ў барозны. Чарот.

націра́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны для націрання чаго‑н. Націральная машына.

націра́льшчык, ‑а, м.

Той, хто націрае што‑н. Націральшчык падлогі.

націра́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да націральшчык.