паўсядзённы, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца кожны дзень, дзень пры дні; штодзённы, пастаянны. Старэйшыя таварышы — камуністы — аказвалі паўсядзённую ўвагу камсамольскаму падполлю, вучылі юнакоў і дзяўчат рэвалюцыйнай практыцы барацьбы. Дзенісевіч. Гэтыя радкі гавораць аб тым, што ў асобе Горкага Хвядос Шынклер бачыў свайго настаўніка, у яго вучыўся бачыць прыгожае і ўзнёслае ў паўсядзённых працоўных буднях, у людзях працы. Арабей.
паўсяме́сны, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца, праходзіць усюды. У гады барацьбы за паўсямесную калектывізацыю, калі наша сельская гаспадарка была недастаткова насычана тэхнікай, ствараліся невялікія калгасы, якія поўнасцю стасаваліся да мінулых умоў. «Беларусь».
паўсярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які займае прамежкавае становішча паміж лёгкім і сярэднім (пра вагавую катэгорыю ў спорце).
2. Які знаходзіцца паміж крайнім і цэнтральным ігракамі нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандзе.
паўтара́, м. і н.; паўтары́, ж., ліч. кольк.
Адзін з палавінай. Паўтара метра. Паўтара рубля. □ Сяло расцягнулася ў адну доўгую лінію кіламетра на паўтара. Колас. Ад будкі, у якой жыве Сцяпан Птах, паўтары вярсты да станцыі і вярста да мястэчка. Навуменка.
•••
Ні два ні паўтара гл. два.
паўтара...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «памерам у паўтары якія‑н. адзінкі», напрыклад: паўтарагадовы, паўтараметровы.
паўтарагадо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які працягваецца паўтара года, разлічаны на паўтара года. Паўтарагадовыя курсы.
2. Узростам у паўтара года. Паўтарагадовы хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Шамякін.
паўтара́к, ‑а, м.
Разм. Які‑н. прадмет паўтарачнага памеру.
паўтара́льнасць, ‑і, ж.
Частае паўтарэнне чаго‑н. Перыядычная паўтаральнасць.
паўтараме́сячны, ‑ая, ‑ае.
1. Які працягваецца паўтара месяца. Паўтарамесячны адпачынак.
2. Узростам у паўтара месяца. Паўтарамесячнае дзіця.
паўтараметро́вы, ‑ая, ‑ае.
Мерай у паўтара метра. Паўтараметровая дошка. Паўтараметровая глыбіня.