Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Прышыць спадыспаду. Падшыць каўнерык да гімнасцёркі. Падшыць падкладку. // Прышыць падэшву або падносак да абутку. Падшыць валёнак.

2. Прышыць што‑н. падагнутае, падкасанае. Падшыць калошы штаноў.

3. Паклаўшы разам і ў пэўным парадку, змацаваць чым‑н.; далучыць да чаго‑н., змацоўваючы. Падшыць газеты за год. Падшыць даведку ў асабістую справу.

падшэ́рстак, ‑тку, м.

Пушыстая мяккая шэрсць, якая расце як ніжні слой пад больш доўгай шэрсцю.

падшэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які падшэрх, падсох. Чорная, з адкідным верхам машына ішла па самай сярэдзіне вуліцы, пакідаючы на падшэрхлай гразі глыбокі след. Лобан.

падшэ́рхнуць, ‑не; пр. падшэрх, ‑ла; зак.

Разм. Падсохнуць крыху ад марозу. [Параска:] — Я садамі ішла. Па садах сушэй. Ужо трохі зямля падшэрхла. Лобан. «Пад раніцу падшэрхла зямля». І слова гэтае «падшэрхла».. так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Скрыган. / у безас. ужыв. На вуліцы падшэрхла нанач, і.. боты месцамі грукалі па голай зямлі. Кулакоўскі.

падшэ́ўка, ‑і, ДМ ‑шэўцы; Р мн. ‑шэвак; ж.

Тое, што і падкладка (у 1 знач.). Полы.. вопраткі абвісалі ўніз, з-пад іх спрабавала абвісаць падшэўка. Чорны.

падшэ́фнік, ‑а, м.

Разм. Асоба або ўстанова, над якой узята шэфства.

падшэ́фны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад чыім‑н. шэфствам. Зося.. пасля заняткаў пісала з вучнямі калектыўныя пісьмы на фронт, збірала падарункі для франтавікоў, .. наведвала з дзецьмі падшэфны шпіталь. Карпаў. / у знач. наз. падшэ́фны, ‑ага, м., падшэ́фная, ‑ай, ж. Ідучы са школы, Толя спытаўся ў свайго падшэфнага: — Дзе будзем займацца — у вас ці ў нас? Якімовіч.

пады́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пайсці размерана або нязграбна. Наставіўшы каўнер, прытрымліваючы яго ля горла, Сярдзюк падыбаў па цёмнай вуліцы. Карпаў. Чалавек, няўклюдна перасоўваючы ногі, як хадулі, падыбаў наперад... Даніленка.

падыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму.

Разм.

1. Нягромка сыграць, акампаніруючы каму‑н. [Жанчына] адапхнула да сцяны Пруткевіча і папрасіла Зынгу: — Падыграйце. — Зынга, гатовы, глянуў на яе. Жанчына заспявала. Чорны. Звінелі кантэле, цымбалы, Зурна старалася валынцы падыграць. Корбан. // Сваёй ігрой (на сцэне, у спорце) памагчы ігры партнёра.

2. перан. Падрабіцца, падладзіцца пад чые‑н. інтарэсы, настроі і пад. Будыка зноў засмяяўся, закрычаў: — Во, бачыце? Сіротка — як сіротка. А ў Івана вочы гараць. Зайздросціш? Прызнавайся. — Зайздрошчу, — падыграў Антанюк. Шамякін.

пады́грываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падыграць.