Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падшыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да падшываць.

падшыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падшыць.

падшы́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для падшывання, падшыўкі. Падшывачны матэрыял.

падшы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад шыяй, ніжэй шыі.

падшы́пнік, ‑а, м.

Апорная дэталь для механізмаў і частак машын, якія круцяцца або качаюцца. Шарыкавы падшыпнік.

падшы́пнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падшыпніка. Падшыпнікавы завод. Падшыпнікавы матэрыял.

падшы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падшыць.

•••

Ветрам падшыты (падбіты) — а) пра верхняе адзенне, якое не засцерагае ад холаду. Імкліва ішла восень, і мы ў сваіх апранахах, падшытых ветрам, моцна адчувалі яе крокі, асабліва халоднымі начамі. С. Александровіч; б) легкадумны; нясталы.

Чортам падшыты — непаседлівы, вяртлявы. Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы. Чыгрынаў.

падшы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падшываць — падшыць.

2. Стос падшытых газет, часопісаў, дакументаў. У невялічкім пакойчыку прыбудоўкі — доўгі стол, на ім часопісы і акуратныя падшыўкі газет. Брыль.

3. Тое, што падшыта да чаго‑н. спадыспаду. [Янук] здымае сваю шапку,.. адкладвае цырат[о]вую падшыўку і дастае адтуль згорнуты ў некалькі столак лісток паперы. Кулакоўскі.

падшыўны́, ‑ая, ‑ое.

Які падшываецца спадыспаду. Салдаты прыхарошваліся: хадзілі ў начышчаных да бляску ботах, з беленькімі падшыўнымі каўнерыкамі. Пальчэўскі.

падшы́цца, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць падшытым.

2. перан. Залезці пад што‑н. Малы не заплакаў, толькі не сваім голасам войкнуў, калі, уцякаючы ад матузоў, хацеў падшыцца пад ложак. М. Стральцоў.