Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нахму́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да нахмурыць.

нахму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Стаць хмурным, панурым. Бацька нахмурыўся і паказаў рукою на папружку. Лужанін. [Дзіміна] зноў прамаўчала, нахмурылася і механічна паправіла валасы, якія выбіліся з-пад берэта. Карпаў. // Наморшчыцца, насупіцца, выказваючы суровасць, задуменнасць, заклапочанасць (пра лоб, твар, бровы). Твар прэзідэнта нахмурыўся, па вачах, якія раптам звузіліся, можна было бачыць, як упарта працавала яго думка. Гамолка.

2. перан. Зрабіцца пахмурным, змрочным, цёмным (аб прадметах і з’явах прыроды). Возера нахмурылася, і цяжкія хвалі плёскаліся аб бераг. Пестрак. І нахмурылася неба, цёмныя хмары павіслі нізка над зямлёю. Шахавец.

нахму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Сурова наморшчыць (твар, лоб), насупіць (бровы). Дзяніс Давыдавіч акінуў вачыма сцяну і хутка падняўся на рыштаванні, дастаў вымяральны прыбор, як бы праверыў сябе, і нахмурыў бровы. Гурскі. [Дзед Талаш] сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас.

нахмы́ліцца, ‑ліцца; зак.

Прыціснуўшы вушы, падрыхтавацца да нападу або абароны (пра каня). Конь раптам нахмыліўся і, узмахнуўшы галавой, кінуўся на хлопчыка. Сіняўскі.

нахо́дзіць 1, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да найсці ​1.

2. Тое, што і надыходзіць (гл. надысці ў 1 знач.). Находзіць свята. □ — Ну, што ж? У лесе паначуем: Находзіць ноч, падбіўся конь. Колас.

нахо́дзіць 2, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да найсці ​2.

нахо́хлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахохліць.

2. у знач. прым. З натапыраным, паднятым пер’ем. Нахохленыя птушкі.

нахо́хліцца, ‑ліцца; зак.

Разм. Скурчыцца, натапырыўшы пер’е (пра птушак). Верабей зухавата пачысціў лапкай дзюбу, нахохліўся і наважыў маўчаць. Пальчэўскі.

нахо́хліць, ‑ліць; зак., што.

Разм. Натапырыць, падняць пер’е (пра птушак).

нахра́пам, прысл.

Разм. Дзёрзка, нахабна. Браць нахрапам. Лезці нахрапам.

нахра́пістасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць нахрапістага. Калі не крывіць душой, дык мне сам Сяргей дужа не спадабаўся сваёй нейкай самаўпэўненай нахрапістасцю. Сабаленка.