Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падчарэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца над чэравам. Падчарэўны рэмень.

падча́с, прысл. і прыназ.

1. прысл. Часам, калі-нікалі, іншы раз. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Балюча, што падчас жывеш не ў поўную меру, разменьваешся на дробязі, быццам гэтых цудоўных і беззваротных дзён у тваім запасе безліч. Кандрусевіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «падчас» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з’яву, надзею, у час якіх адбываецца ці існуе што‑н. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю.. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін. — Толькі я паступіла [у медінстытут] — няшчасце на нашу сям’ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Марціновіч.

падчаса́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падчасаць ​1.

падчаса́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падчасаць ​2.

падчаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., чаго.

Начасаць дадаткова, яшчэ трохі. Падчасаць воўны.

падчаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Счасаць нямнога, счасаць дадаткова. Падчасаць сякерай бервяно.

падчыкільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Падысці, чыкільгаючы.

падчы́стка, ‑і, ДМ ‑стцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падчысціць.

2. Разм. Падчышчанае месца ў тэксце.

падчысту́ю, прысл.

Разм. Поўнасцю, усё без астатку. [Мацвей:] — На два сталы жывучы, грошай не збярэш. Усё ў пыл ідзе. Падчыстую. Лобан. [Пазняк:] — Навошта гэта вы лес падчыстую нішчыце? Агаляеце зямлю. Тут жа пяскі. Дуброўскі.

падчы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.

Разм. Стаць больш чыстым. Трэба сказаць, што Гомель за апошнія гады настолькі ўпарадкаваўся, падчысціўся, што ў некаторых выпадках можа стаць узорам і для Мінска. Сташэўскі.

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

падчыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Разм. Пачытаць выбарачна, у дадатак да раней прачытанага. Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Спец. Прачытаць услых тэкст арыгінала з тым, каб другая асоба пры гэтым зверыла тэкст копіі.