паспабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спаборнічаць некаторы час. — Ну што, піянерыя, паспаборнічаем? Рунец.
паспавіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Спавіць усіх, многіх (гл. спавіць у 1 знач.). Паспавіваць немаўлятак.
паспавяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пабыць на споведзі; пакаяцца ў грахах. Захацеў [Грыцкевіч] перад смерцю паспавядацца, і суседзі паклікалі Радзішэўскага. «Звязда».
2. перан. Разм. Расказаць шчыра пра што‑н.; прызнацца, пакаяцца ў чым‑н. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве. Колас. Цягне за язык. Мусіць, так устроены чалавек: не можа, каб не паспавядацца. Пташнікаў.
паспавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. Справіць абрад споведзі. [Шаптуха:] — А бацюшку на ўсякі выпадак паклічце, хай паспавядае, усё можа быць. Скрыпка.
2. перан. Разм. Прабраць каго‑н. за што‑н. — Ты, Дзямід Мікалаевіч, пачакай, — спыніў яго Міхась Раманавіч. — Трэба цябе паспавядаць, а то прыязджаеш у Мінск і вачэй не паказваеш. Паслядовіч.
паспагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму і без дап.
Выказаць спагаду каму‑, чаму‑н. Хлопчыку вельмі захацелася, каб яго хоць хто пашкадаваў, паспагадаў яму. Сабаленка. [Чыкілевіч:] — Прыйшоў да чалавека ў хату, пагаварыць, паспагадаць, а ён, Мікіта, .. гоніць мяне з хаты! Колас. [Дзяніс] нічыю радасць не раздзеліць, чужому гору не паспагадае. Гроднеў.
паспадзява́цца, ‑дзяюся, ‑дзяешся, ‑дзяецца; ‑дзяёмся, ‑дзеяцеся.
Зак. да спадзявацца.
паспакайне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў спакойным, спакайнейшым. У калідор яны выйшлі разам — паспакайнелы падцягнуты дзяншчык і ўсхваляваны, як ніколі, Бярозка. Шахавец. У паспакайнелую галаву раптам увайшла: «А мо і праўда — пайсці? Забраць Ганну і — пайсці». Мележ.
паспакайне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць спакойным, спакайнейшым; супакоіцца. Выпіўшы кроплі, Гаховіч крыху паспакайнеў. Паслядовіч. На захадзе пачало святлець, вецер паспакайнеў, паміж хмарамі паказаўся блакіт. Новікаў. / у безас. ужыв. Ваенная хваля адышла на захад, і ў горадзе паспакайнела. Чорны.
паспарне́ць, ‑ее; зак.
Зрабіцца спорным, спарнейшым. Нахмарыла яшчэ болей, дождж паспарнеў. Марціновіч.
паспарту́, нескл., н.
Ліст кардону або цвёрдай паперы, на які наклейваюцца ілюстрацыі ў кнігах, часопісах і г. д. // Кардонная рамка для малюнкаў, фатаграфічных картак.
[Фр. passe-partout.]