пало́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. палопваць.
пало́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Лопаць час ад часу. У цень пазашывалася ўсё жывое: у вішняку, дакапаўшыся аж да самага карэння, ляніва палопвалі крыл[а]мі разамлелыя куры. Ваданосаў.
пало́са, ‑ы, ж.
Тое, што і паласа (у 1, 2 і 4 знач.). Паласа жалеза. □ Светлая палова на ўсходзе высока паднялася над зямлёй. Шахавец. Палоса наша вузкая, і я, не пытаючы нават у дзеда, ведаў, што з яе можна зрабіць толькі адзін загон. Якімовіч.
пало́сны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца палосамі, у выглядзе палос; які размяшчаецца палосамі. Палоснае снегазатрыманне.
пало́тнішча, ‑а, н.
Вялікі кавалак матэрыялу. Стол для прэзідыума быў накрыты чырвоным палотнішчам. Барашка. Прыняўшы прысягу, Пеця пацалаваў чырвонае палотнішча сцяга і стаў у строй. Сіняўскі. / у вобразным ужыв. Хораша ўсё гэта выглядае, калі на шэрую зямлю, на лёд ракі і выбоі.. дарогі пасцелецца вялізнае палотнішча іскрыстай снежнай белі! Брыль.
пало́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Прыходзіць у стан страху, боязі; баяцца. Дзеці палохаюцца і ад шчырага страху туляцца да маткі. Бядуля. // Апасацца чаго‑н., трывожыцца. — Якія ж там сенажаці? — Мікіта выпрастаўся і стаяў з разведзенымі ў бакі рукамі.. [Каморнік:] — А ты не палохайся. Твая справа пэўная. Галавач.
пало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Наводзіць страх, боязь. Сцепуржынскі тупаў нагамі і.. сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. Чорны. // Страшыць кім‑, чым‑н. Змалку нас палохалі цыганамі. Зробіш што не так, адразу страшаць: «Вось прыйдуць цыганы, забяруць цябе ў мех». Жычка. // Успуджваць. У гарачыя летнія дні качкі купаліся ў вадзе і спакойна жыравалі. Калі-нікалі іх палохалі паляўнічыя, і тады яны падымаліся з вады. Лупсякоў. // Выклікаць трывогу. Сесія не палохала мяне і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. Ёсць людзі, якіх перашкоды не толькі не палохаюць, а выклікаюць яшчэ большы накал і ахвоту да справы. Паслядовіч.
пало́цца, полецца; незак.
Зал. да палоць.
пало́ць, палю, полеш, поле; незак., што.
Ачышчаць ад пустазелля. Далей за дарогай зелянелі агароды. Жанчыны ў белых хустках палолі грады. Асіпенка. [Маша], як і ўсе, палола лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў. // Вырываць пустазелле. Хлопцы пайшлі палоць пустазелле, а я прысеў на ўзмежку і пачаў разглядаць васількі. Якімовіч.
па́лтус, ‑а, м.
Прамысловая рыба сямейства камбалавых.