Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напрактыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Разм. Шляхам доўгіх практыкаванняў зрабіць умелым, вопытным. Напрактыкаваць вучня ў рашэнні задач. Напрактыкаваць памяць.

напрактыко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напрактыкаваны.

напраку́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм. Нарабіць чаго‑н. непрыемнага, бяды; нагарэзнічаць. [Скрыпка:] — Я вельмі ўдзячны вам за добрыя словы [аб сыне]. Але, хай яго, нешта там ён у школе напракудзіў. Дубоўка.

напрала́зіць, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць; зак.

1. Пралезці ў вялікай колькасці куды‑н. праз праход, адтуліну і пад. Напралазіла многа дзяцей у сад.

2. перан. Пралезці, трапіць куды‑н. у вялікай колькасці, скарыстаўшы хітрасць, спрыт. Напралазіць у арганізацыю.

напралёт, прысл.

Без перарыву, увесь час. Гаварылі ноч усю напралёт. Танк. [Харытон] ночы напралёт праседжваў над шытвом, усё стараўся больш зарабіць. Місько.

напрало́м, прысл.

Не лічачыся з перашкодамі, не разбіраючы шляху (пры руху наперад). Прабівацца напралом. Ісці напралом. □ Вепр скочыў наперад і напралом памчаў праз гушчар. Самуйлёнак. // перан. Не лічачыся з абставінамі (пры дасягненні мэты). Сын, праўда, з норавам адметным, Ва ўсім імкнецца напралом. Гаўрусёў.

напра́мак, ‑мку, м.

1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак. М. Ткачоў. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі. В. Вольскі. // Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў. Брыль.

2. перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці. // Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа. Алешка.

3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры. Калеснік. У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам. «Звязда».

4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда».

5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле. Гартны.

•••

Браць (узяць) напрамак гл. браць.

напрамі́лы,

У выразе: напрамілы бог гл. бог.

напрамкі́, прысл.

Разм.

1. Тое, што і напрасткі. Час быў дамоў, і .. [Павел з Мартай], жартуючы, пайшлі напрамкі да шашы. Вышынскі.

2. Прама ў вочы. Калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Ваданосаў.

напраму́ю, прысл.

Па прамой лініі, самым кароткім шляхам; напрамкі. Нехта ехаў з аўтабазы напрамую — паляніўся аб’язджаць балота аж ля тарфянога склада — далёка. Пташнікаў.