Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надрэзаць.

надрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., што.

Разрэзаць крыху зверху, з краю, не да канца. Надрэзаць яблык. □ Пад аднастайны перастук калёс Мікалай расказаў [брату] аб сваім плане.. У першую ноч ледзь паспелі надрэзаць край дошкі.. Пятніцкі.

надрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрэзваць.

надрэ́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да надрэзваць.

надрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да надрэзаць.

надрэсірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надрэсіраваць.

надрэсірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.

Разм. Навучыць чаму‑н. (жывёліну) шляхам дрэсіроўкі. Надрэсіраваць сабаку. // Іран. Вымуштраваць, вышкаліць.

надрэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца каля ракі. Надрэчны бор. Надрэчны бульвар. □ Сцежка ў вёску бяжыць, пятляе паміж надрэчных кустоў. Брыль. // Які жыве каля ракі. Надрэчныя жыхары выбіраліся з сваіх кватэр на больш высокія месцы. Шахавец. // Які бывае над ракой. Надрэчны халадок.

надрэ́чча, ‑а, н.

Мясцовасць, якая прылягае да берагоў ракі. З надрэчча цягне сіняй прахалодаю. Макаль.

надса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Празмернае напружанне сіл; натуга. [Пшэборскі] крыху збянтэжыўся і, тыкаючы пальцам перад сабою, гаварыў з надсадай, з прыціскам: — Так, так... вам, усім вам, — яшчэ да канца не дагаварваючы каму — «усім». Пестрак.

2. Пашкоджанне чаго‑н., хвароба ў выніку празмернага напружання сіл, натугі. Надсада ад падымання вялікага цяжару.